У канцы 1990 г. трапілася мне ў рукі кніжка колішняга нямецкага ваеннага карэспандэнта Бэрнта Нільзэна-Стокэбі «Балтыйскія ўспаміны» (Bernd Nielsen-Stokkeby: Baltische Erinnerungen), дзе ён, апісваючы адносіны літоўскай Тарыбы з кайзераўскай Нямеччынай на пачатку 1918 года, узгадвае і пра падзеі пад Нарвай і Псковам і некаторыя гістарычныя імёны Расійскага перавароту (так ён называе падзеі 1917 г.): Леніна, Троцкага, Крыленкі, Дыбенкі, Падвойскага…

У 1990 г. мы шмат чыталі, спрачаліся пра БНР, крытыкавалі савецкія міфы. З успамінаў нямецкага аўтара я тады ўпершыню даведаўся, што літоўскія нацыянальныя лідары вялі перамовы з Нямеччынай, каб абараніцца ад бальшавікоў, былі згодныя ўвесці ў незалежнай Літоўскай дзяржаве канстытуцыйную манархію і ўжо назвалі ў якасці літоўскага князя герцага Вільгельма фон Ураха, графа Вюртэмбергскага. Мяне ўразіла, што ў тыя 90-я гады літоўскія патрыёты не папракалі сваіх гістарычных папярэднікаў за зварот да кайзераўскай Нямеччыны, як гэта робяць у нас, у Беларусі, узгадваючы ліст ад кіраўніцтва БНР да кайзера. Часова, на сваю карысць, шукай падтрымку з розных бакоў. Іншая рэч, што немцы тады мелі свае планы на Балтыцы.

Тая кніжка дала мне імпульс для чытання пра ўзгаданыя «ключавыя імёны» лютаўскіх падзей 1918 года. Пра тое не аднойчы даводзілася гаварыць публічна. З самой кніжкі запомніліся ўзгадкі пра нешматлікіх нямецкіх матацыклістаў, ад якіх якраз 23 лютага ўцякалі без адзінага стрэлу чырвоныя матросы камісара Дыбенкі.

Пазней ва ўспамінах Бонч-Бруевіча прачытаў, што матросы Дыбенкі захапілі кур’ера з Фінляндыі з какаінам і бочку спірту і «адступілі» ў Гатчыну. З афіцыйных савецкіх крыніц вядома, што за тую ганьбу Дыбенку выклікалі ў Маскву і выключылі з партыі.

У поўным зборы твораў Леніна (т. 35, с. 393) можна прачытаць, як ён абурыўся, даведаўшыся пра панічныя ўцёкі 23 лютага: «… мучительно позорное сообщение об отказе защищать позиции, об отказе защищать даже Нарвскую линию, не говоря уже о бегстве, хаосе, безрукости, разгильдяйстве». У архівах, на падставе якіх пісалася «Энцыклапедыя грамадзянскай вайны» (вытрымкі з іх друкаваліся ў часопісе «Огонек») прыводзіцца запіс перамоваў наркама па вайсковых справах РСФСР Падвойскага і ягонага памочніка з начальнікам штаба аднаго з участкаў абароны, дзе гэты начальнік (імя не запомніў) паведамляе (паводле маёй выпіскі з «Огонька»): «Некоторые очевидцы уверяют, что видели немцев, другие, что только белогвардейцев с немцами, но тот факт, что какая-то сила, которую мы принуждены считать неприятелем… Последним сообщением прибежавших моряков было, что будто мотоциклисты противника были ими замечены в 17 верстах от Ревеля …».

Ніхто ж не спрачаецца, што становішча было складанае: Троцкі пакінуў Брэст-Літоўск, мір з немцамі не падпісаны, Крыленка аб’явіў дэмабілізацыю, заклікаў да братання салдатаў, Ленін пачынаў супрацьлеглую кампанію… Ганебны ўчынак Дыбенкі (ён, дарэчы, адмовіўся падпарадкоўвацца загаду «ваенспеца», генерала Парскага, які перайшоў на бок савецкай улады) — не мадэль рэвалюцыйных паводзінаў.

Але ж навошта дзень ганебнай паразы аб’яўляць днём стварэння дзяржаўнага войска? Мы, беларусы, тут як бы і збоку не стаялі.

Няхай бы бальшавікі назвалі дату 15 студзеня. Тады выйшла адпаведная пастанова пра стварэнне рэвалюцыйнага войска.

Беларусу, які хоць трохі чытае гістарычныя тэксты, вельмі дыскамфортна слухаць афіцыйныя святочныя заявы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?