Кошт пяцідзённага тура ў Беларусь — наземны пакет — вар'іруецца ад 220 да 550 даляраў у залежнасці ад сегмента і класа адпачынку.

Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 лютага старшыня савета Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Беларусі Філіп Гулы.

Паводле яго слоў, турыстычны прадукт досыць дыферэнцыяваны ў залежнасці ад запытаў турыстаў. Напрыклад, турысты з Еўропы, Амерыкі жадаюць, каб у турпакет было ўсё ўключана — разнастайныя нацыянальныя вячэры, атракцыі і экскурсіі. Прадстаўнікі ж усходніх краін хочуць, каб турпакет уключаў толькі базавыя паслугі, а ўсе забавы — за дадатковую плату.

Пры гэтым Гулы адзначыў, што беларускія турпакеты неканкурэнтаздольныя па цане з аналагічным прадуктам у суседніх краінах. Напрыклад, адпачынак у Польшчы ці Літве каштуе танней.

«Не варта чакаць, што ў Беларусь сёлета прыедзе шмат арганізаваных груп турыстаў. Мы цяпер прадаём туры на 2017 год, ён ужо амаль увесь распрададзены, і вялікіх арганізаваных груп турыстаў пакуль няма, — адзначыў Гулы. — У першую чаргу варта чакаць росту дзелавога турызму, да нас паедуць бізнэсмены і партнёры беларускіх кампаній. Будуць, вядома, і індывідуальныя турысты, спецзаказы».

Нагадаем, 12 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў пры ўездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Толькі за першы тыдзень гэтай магчымасцю скарысталіся больш за тысячу замежнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0