Футбольны клуб «Крумкачы» запускае продаж абанементаў на свае хатнія матчы ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі 2017 года, паведамляецца на афіцыйным сайце клуба.

krumka.by

Білетным аператарам клуба ў гэтым сезоне будзе папулярны партал bycard.by.

Заўзятары атрымаюць магчымасць выбару аднаго з трох тыпаў абанементаў: ALBUS белы (белы крумкач), чырвоны VARIUS (пярэсты крумкач), чорны CORAX (чорны крумкач). Яны будуць адрознівацца напаўненнем. Кожны абанемент выкананы ў выглядзе карткі з арыгінальным дызайнам і будзе прадастаўляцца ў прыгожай скрынцы, у якой, акрамя самой карткі, будуць ляжаць каляндар гульняў на сезон, налепкі і іншыя прыемныя сюрпрызы. Акрамя гэтага плануецца, што заўзятары атрымаюць магчымасць браць удзел у жыцці клуба на працягу ўсяго сезону.

Кошт білетаў на 15 хатніх матчаў пачынаецца ад 36 рублёў. Пры гэтым адразу для браніравання месца неабходна будзе ўнесці толькі 30% ад кошту, а розніцу можна будзе даплаціць пры атрыманні.

Аддзел маркетынгу клуба пастараўся ўлічыць інтарэсы ўсіх катэгорый заўзятараў і даць даступныя варыянты. Так, студэнты змогуць атрымаць зніжку 25%, а школьнікі 50%. Прадугледжаныя сямейны і карпаратыўны пакеты.

«Мы хочам не проста прадаваць месца на стадыёне, а ператварыць 15 нашых хатніх матчаў у 15 святочных дзён у жыцці нашых заўзятараў! Ужо цяпер плануем, якія актыўнасці будзем праводзіць, каб людзям было цікава і весела бавіць час на стадыёне. Бо футбол — гэта свята, мы самі жывём гэтай філасофіяй і заражаем ёй астатніх», — падкрэсліў старшыня клуба «Крумкачы» Дзяніс Шунто.

Выбраць і купіць абанемент можна ўжо цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?