Мінчук Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера, каб спыніць будаўнічыя работы ў Зялёным Лузе каля Курапат.

«Буду ляжаць, пакуль не здохну», — сказаў 30-гадовы Пальчэўскі. Ён кажа, што пайшоў на крайні крок, бо не бачыць іншых шляхоў спыніць будаўніцтва на пляцоўцы, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мемарыяла.

Сяргей Пальчэўскі — мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, а цяпер зарабляе цяслярствам. Раней ён працаваў майстрам на заводзе «Атлант».

У 2012 годзе ён прыйшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, а крыху больш за год таму пазнаёміўся са Змітром Дашкевічам і стаў актывістам «Маладога фронту». 

Калі прыехалі МНСнікі, то ён сам адшпіліў кайданкі, каб не рэзалі. Міліцыя спрабавала затрымаць хлопца, але людзі грамадой адбілі.

Вось відэа «Нашай Нівы»:

Для Пальчэўскага Курапаты не пусты гук. У 1937-м быў рэпрэсаваны яго прадзед — Волюсь Каралецкі. «Ён быў з Уздзенскага раёна. Вядома толькі, што яго трымалі ў турме пад Оршай, а дзе пахаваны — ніхто не ведае. Гэта быў бацька маёй бабулі па мячы. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі».

«Спачатку было холадна, але потым мяне абклалі коўдрамі, грэлкамі», — расказаў «Нашай Ніве» Пальчэўскі, які праляжаў на зямлі каля трох гадзін.

Навіны з месца падзей ад карэспандэнтаў «Нашай Нівы» ў рэжыме анлайн — ТУТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?