Абаронцы Курапат саграюцца каля цяпельца, разведзенага ў жалезнай бочцы. Яе жартаўліва называюць «бочкай годнасці». Фота Алеся Кіркевіча:

Больш аб пратэстах супраць пабудовы ў Зялёным Лузе каля Курапат офіснага цэнтра чытайце ТУТ.

* * *

Нагадаем, што пачатак будоўлі каля МКАД у Зялёным Лузе выклікаў абурэнне мясцовых жыхароў, а таксама людзей, чые продкі былі расстраляныя ў Курапатах у 1929—1941 гадах.

Як высвятлілася, забудова лапіка між МКАД і вуліцай Мірашнічэнкі стала магчымая, бо ў 2014 годзе граніца ахоўнай зоны вакол некропаля ў Курапатах была змененая. Між тым участак у арэнду быў выдзелены ў 2013 года, што дае фармальную нагоду для адмены рашэння.

Пратэсты доўжацца ад панядзелка 20 лютага. Уначы на 19 лютага 15—20 маладзёнаў у чорным напалі на дзясятак юнакоў, што вартавалі каля будпляцоўкі. Нападнікі раскідалі намёт, сарвалі беларускія сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым яны гукалі «Белая раса!».

«Магчыма, гэта былі курсанты ці спартоўцы», — выказаў меркаванне журналіст Алесь Кіркевіч, якому падчас гэтага інцыдэнта калом разбілі галаву да крыві. Ягоную ўвагу звярнуў той факт, што за пару гадзін да з'яўлення цітушак з будпляцоўкі зніклі міліцыянты-ціхары і з'ехаў «козлік» з амапаўцамі. Міліцыя праводзіць праверку па факце інцыдэнта.

Курапаты — месца, дзе саветы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі. Гэта была частка палітыкі, скіраванай на вынішчэнне нацыянальных эліт, здольных узначаліць супраціў паняволеных народаў. У Беларусі былі загубленыя практычна ўсе багатыя сяляне, большасць пісьменнікаў, міністраў, акадэмікаў, а пазней, у некалькі прыёмаў, самі чэкісты, якія ўдзельнічалі ў арыштах і расстрэлах.

Пратэстоўцы патрабуюць адмены рашэння аб выдзяленні пляцоўкі пад забудову.

Нагадаем, што ў выніку пратэстаў у 2013 годзе ўдалося не дапусціць адкрыцця рэстарана і забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол» з іншага боку МКАД і Курапат. Варта адзначыць, што тыя пратэсты не дасягалі такога накалу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?