Гісторыю станаўлення беларускай дзяржавы трэба дакладна адлюстраваць у новых падручніках. Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак.

Знаёмячыся з распрацоўкамі, выстаўленымі ў 2016 годзе на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, Лукашэнка зацікавіўся цыклам навуковых прац «Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX — XVIII стагоддзях». У іх па-новаму раскрываецца працэс фармавання тэрыторый усходнеславянскіх раннедзяржаўных утварэнняў і іх цэнтраў.

Як распавяла загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Ляўко, праведзеныя даследаванні паказалі, што беларуская дзяржаўнасць пачала фармавацца ў сярэдзіне IX стагоддзя — са стварэннем Полацкай зямлі. Станаўленне Полацка ў якасці цэнтра дадзенага дзяржаўнага ўтварэння ажыццяўлялася на мясцовай племянной аснове, у той час як у Ноўгарадзе і Кіеве для гэтага запрашалі варагаў. Нават у далейшым Полацкія землі, уваходзячы ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, развіваліся аўтаномна.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што сёння ідзе праца над новымі падручнікамі і гэтыя моманты станаўлення беларускай дзяржавы ў іх абавязкова трэба адлюстраваць. «Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду, — падкрэсліў ён. — Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Кіраўнік дзяржавы таксама правёў паралель з сучаснасцю. «Мы сапраўды сябе стварылі, і з намі лічыліся тады. Усё гэта сугучна і актуальна цяпер, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння некаторыя пад выглядам «дармаедства», яшчэ нечага спрабуюць гэты човен разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашы землі, а чыесьці. Таму для нас гэта вельмі актуальна. «Дармаеды» павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць, знішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб не даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?