Па афіцыйных звестках Белстата, самы вялікі ўзровень беспрацоўя па выніках 2016 года быў зафіксаваны ў Ганцавіцкім рэгіёне, склаўшы 1,3 %. На першы погляд, лічба — даволі смешная, аднак усім вядома, што за афіцыйным беспрацоўем хаваецца значна больш фактычных выпадкаў немагчымасці ўладкавацца на працу (так, напрыклад, па дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам РБ за 2016 год, беспрацоўе ў краіне склала 5,8 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва). «Дэпрэсіўны раён», «гіблае месца» — мы чулі нямала непрыемных водгукаў на адрас Ганцавічаў, але лепш адзін раз убачыць…

 Начныя Ганцавічы.

 Начныя Ганцавічы.

«Выжываем дзякуючы заробкам у Маскве»

У дызелі да Ганцавічаў гучыць рускі рэп, дзе вакаліст чытае нешта пра сэнс жыцця. За акном вільготна і ветрана. Беларусы — гасцінная нацыя, але, калі яны кажуць вам, што лепш прыязджаць летам, яны не хлусяць. Нават размаляваныя камунальнымі службамі ва ўсе колеры шматпавярховікі ў дажджлівае міжсезонне выглядаюць яшчэ больш паныла. Мы праязджаем міма чарговай панэлькі, і раптам нечакана сустракаемся вачыма з Якубам Коласам. «Я сачу за вамі», — быццам кажа беларускі пясняр. Пра тое, чыя выява змешчана на тарцы дома, хай і прыблізна, ведае кожны школьнік.

Спадчыну Якуба Коласа ў раёне шануюць.

Спадчыну Якуба Коласа ў раёне шануюць.

Каля райвыканкама ў Ганцавічах.

Каля райвыканкама ў Ганцавічах.

Побач з райвыканкамам пустэльна: дзядуля Ленін застылым позіркам ацэньвае Дом культуры — у апошняга ж не толькі культурныя, але і ідэалагічныя функцыі. Паблізу рабочыя старанна ўсталёўваюць слуп для спаборніцтваў на масленічныя гулянні. Так на плошчы гарманічна ўжываюцца паганскія і камуністычныя матывы.

На «Кірмашы» адчынены ўсяго некалькі крамак: індывідуальныя прадпрымальнікі шпацыруюць паміж імі, бавячы час за размовамі.

«Сёння зноў практычна з нулявой выручкай будзем: купцоў няма». Пенсіянерка Ірына працуе прадаўцом больш для сына, чым для сябе: «Хлопец возіць тавары, я прадаю. Атрымліваю пенсію, таму крыху лягчэй сябе адчуваю, чым маладыя. Унук мой школу заканчвае, калі не паступіць, нават не ведаю, што будзе рабіць: працы ў нас няма, у Ганцавічах зараз нейкі тупік».

Ганцаўчане распавядаюць, што вялікая частка працаздольнага насельніцтва выжывае толькі дзякуючы заробкам у Маскве ды ў іншых, больш буйных за Ганцавічы гарадах. А што кажуць афіцыйныя органы?

Біржа не для ўсіх?

Аддзел па працы і занятасці насельніцтва на выбар прапануе 46 вакансій, пры гэтым афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных ад эканамічна актыўнага насельніцтва ў раёне налічылі 146 чалавек (на 23 лютага).

Начальнік аддзела па працы і занятасці насельніцтва Ганцавіцкага райвыканкама Андрэй Коўш.

Начальнік аддзела па працы і занятасці насельніцтва Ганцавіцкага райвыканкама Андрэй Коўш.

«Я тут працую з 2008 года і магу сказаць, што праблема занятасці насельніцтва заўсёды была актуальная для нашага раёна: у 2000-я афіцыйнае беспрацоўе і да 4% даходзіла. Нягледзячы на тое, што пасля прыняцця Дэкрэта № 3 у нас павялічылася загружанасць, у барацьбе з сацыяльным утрыманствам я падтрымліваю палітыку прэзідэнта: маеш нелегальныя заробкі ці за мяжой — плаці падатак», — каментуе начальнік аддзела Андрэй Коўш.

Вакансій на рынку значна менш, чым беспрацоўных. Прычым некаторыя патрабуюць спецыяльных ведаў у галіне, напрыклад, ветэрынарыі, а таксама не кожны мае магчымасць штодня ездзіць за дзясятак кіламетраў у вёску.

Па дадзеных падаткавікоў, у Ганцавіцкім раёне да 20 лютага 2017 года 167 чалавек заплацілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Аднак ёсць сярод мясцовых жыхароў і тыя, хто шалёна супраціўляецца сістэме. Ігар Дулік выявіў у сваёй паштовай скрыні ліст «шчасця» перад самым Новым годам. Праз месяц такі ж сюрпрыз чакаў яго дачку, якая, між іншым, была і з’яўляецца студэнткай каледжа.

Ігар Дулік будзе аспрэчваць свой статус «дармаеда» колькі спатрэбіцца.

Ігар Дулік будзе аспрэчваць свой статус «дармаеда» колькі спатрэбіцца.

«У 2015-м нашу сям’ю напаткала бяда: дачка трапіла ў аварыю, было не да працы. А цяпер яе і знайсці немагчыма. Што тычыцца біржы, то ў неафіцыйнай гутарцы мяне мякка папрасілі не станавіцца на ўлік: у іх і так там статыстыка не найлепшая, і існуе тайнае распараджэнне па магчымасці не пагаршаць сітуацыі», — распавядае Ігар. Зараз ён закідвае падатковую службу пісьмовымі зваротамі з просьбай «пералічыць, якія канкрэтна дзяржаўныя выдаткі ў 2015 годзе пайшлі на яго, якім чынам і па якіх крытэрыях супрацоўнікі МПЗ выявілі, што ён не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў» і г.д. Пакуль ніякіх слушных адказаў мужчына не атрымаў.

«Незадавальненне тут кіпіць, але пакуль пад накрыўкай»

Рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі.

Рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі.

Рэдактар газеты «Ганцавіцкі час» Пятро Гузаеўскі лічыць, што пры сённяшнім узроўні эканомікі многія раёны Беларусі могуць звацца «каралямі» беспрацоўя. Сярод асноўных прычын такой сітуацыі ён называе адсутнасць дзейнай прамысловасці і непрафесійны падыход многіх кіраўнікоў: «У нас горадаўтваральныя прадпрыемствы зачыняліся адзін за адным на працягу апошніх гадоў: «Харчавік»,«ПМК-7»… Шмат былі на мяжы банкруцтва ці ў стадыі санацыі. Раён крыху выцягваюць прадпрымальнікі. Што датычыцца сельскай гаспадаркі: калі б у мясцовых кіраўнікоў быў іншы падыход — не імкнуцца атрымаць гатовыя аклады, а зарабляць грошы, — тады б і беспрацоўя, можа, не было».

У асноўным ганцаўчане выказваюць незадаволенасць і спрачаюцца толькі паміж сабой. «Гэта як каструля з накрыўкай: нешта ў ёй кіпіць, але пакуль не выкіпела», — прыводзіць параўнанне для грамадскага настрою Пятро Гузаеўскі. І ўсяго праз некалькі гадзін яго выдатна ілюструе сустрэты намі на вуліцы Анатоль, які жыве насупраць ААТ «Завод Модуль» — пераемніка збанкрутаванага прадпрыемства «Модуль»: «Развалілі раён, а цяпер яшчэ дармаедства прыдумалі, замест таго, каб лепшае людзям зрабіць. У газетах пішуць, што ў нас сярэдні заробак 500 рублёў — анекдот ды толькі. Калі хто і працуе тут, то за капейкі, астатнія — сям-там ездзяць, як і мой сын», — мужчына мацюкаецца, а на яго вочы наварочваюцца слёзы.

Паўсталы з «попелу» ААТ «Завод Модуль».

Паўсталы з «попелу» ААТ «Завод Модуль».

Спадар Анатоль жыве насупраць ААТ «Завод Модуль» і на свае вочы бачыць, як развальваюцца мясцовыя прадпрыемствы.

Спадар Анатоль жыве насупраць ААТ «Завод Модуль» і на свае вочы бачыць, як развальваюцца мясцовыя прадпрыемствы.

Латэнтная беларускамоўнасць

Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыязджаеш у Ганцавічы ўпершыню, — вялікая колькасць беларускамоўных шыльдаў на кожным рагу: «Піцэрыя», «Дзіцячы свет», «Мясны», «Сузор’е» і інш. Аднак гэты трэнд заканчваецца, як толькі пераступаеш парог усіх крамаў і ўстаноў грамадскага харчавання. Апошніх у Ганцавічах крыху больш за 5: мясцовыя скардзяцца, што адкрыць тут, напрыклад, начны клуб не даюць дзяржаўныя манапалісты. Але бачачы, што наведвальнікаў тут не багата ні ў абед, ні ў вячэрні святочны чацвер, разумееш, што галоўная прычына беднасці выбару крыецца ў адсутнасці попыту. Не дома адзначаюць толькі вяселлі ці арганізуюць памінкі. А пакуль іх не плануецца, начальства адключае ў барах халадзільнікі і ацяпленне, каб хоць неяк эканоміць на ўтрыманні.

На месцы здзіўляе вялікая колькасць беларускамоўных шыльдаў.

На месцы здзіўляе вялікая колькасць беларускамоўных шыльдаў.

Калі «памінкі» можна спраўляць нават па некаторых гарадах, што і гаварыць пра вёскі. Асаблівым у Ганцавіцкім раёне можна назваць аграгарадок Люсіна: тут з 1902 па 1904 гг. Якуб Колас працаваў настаўнікам і нават напісаў першую частку трылогіі «На ростанях». Цяпер у Люсіне нават працуе кафэ з аднайменнай назвай, а ў дзіцячым садзе-сярэдняй школе адкрыты музей, прысвечаны песняру. Гістарычна гэтая школа — беларускамоўная, аднак на справе ўсё абмяжоўваецца падручнікамі.

Музей Якуба Коласа ў Люсінскай школе.

Музей Якуба Коласа ў Люсінскай школе.

Адсылкі да Коласа тут паўсюль.

Адсылкі да Коласа тут паўсюль.

«Школа была і з’яўляецца беларускамоўнай. Але пры афіцыйным двухмоўі нічога добрага з гэтага не атрымліваецца: ніхто якасна не ведае ні рускую, ні беларускую. Настаўнікі чытаюць па-беларуску, але ў жыцці, на калідорах карыстацца гэтымі ж словамі не могуць: вышэйшую адукацыю яны атрымлівалі на рускай, а дома — у лепшым выпадку ўсе на трасянцы размаўляюць», — лічыць цясляр і сталяр Уладзімір Рылка, які гасцінна пагадзіўся пабыць нашым гідам па Ганцавічах.

Цікава, што продкі Уладзіміра бралі ўдзел у Слуцкім паўстанні (Ганцавіччына са Случчынай суседнічае), а сам Рылка ў 1994 годзе актыўна агітаваў галасаваць за Зянона Пазняка. Рылка цікавіцца гісторыяй і штотыднёва стараецца вазіць сваю сям’ю на беларускую імшу ў касцёл у Ганцавічах. У Рылкаў аж сямёра дзяцей! Для вёскі мужчына — незаменны спецыяліст: вырабляе платы, накрывае дахі, ставіць лазні, кладзе печы.

Хлопчыкі пасля ўрокаў бавяць час паркурам.

Хлопчыкі пасля ўрокаў бавяць час паркурам.

«Мяне таксама хацелі ў дармаеды запісаць. Але пашкадавалі, бо ў мяне сямёра дзяцей. Так, цяпер я афіцыйна ў якасці прадпрымальніка не зарэгістраваны, бо праца толькі сезонная, але я ж набываю прадукты, запраўляю машыну — значыць, папаўняю бюджэт падаткамі».

 Сям’я Рылкаў з Люсіна імкнецца да беларушчыны.

 Сям’я Рылкаў з Люсіна імкнецца да беларушчыны.

Уладзімір дасканала ведае гісторыю месца, дзе жыве, і з задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі з іншымі.

Першыя звесткі пра Люсіна адносяцца да XVI ст., эпохі ВКЛ. Калісьці тут стаяла ўніяцкая царква, на месцы якой зараз засталіся толькі старыя могілкі з вялікімі валунамі. Шмат подзвігаў пабачылі гэтыя землі, але адным гістарычным мінулым сыты не будзеш. З набыццём статуса аграгарадка Люсіна мусіла было расквітнець, але выходзіць наадварот. З кожным годам людзі выміраюць, хаты пусцеюць.

Старыя могілкі з валунамі ў Люсіне.

«У нас пустуе каля 40 працэнтаў дамоў! Дадайце сюды вялікую колькасць жыхароў, якія злоўжываюць алкаголем, старых і ўявіце, што адбудзецца з Люсіна праз некалькі гадоў?» — задаецца пытаннем спадар Рылка.

Люсінскі кірмаш.

Люсінскі кірмаш.

Адна з асноўных прычын вымірання вёскі, як і страты патэнцыялу правінцыйнага горада, усё з той жа песні: няма работы. 

На базары ў Люсіне мы выпадкова сустракаем Марыю Дулік, маці якой навучаў сам Якуб Колас. Жанчына прыйшла сюды, каб набыць белую хустку: на смерць. Ад гэтага факта імгненна робішся разгубленым і маркотным. Пад паэтычным коласаўскім уплывам у галаву лезуць думкі пра тое, што аднойчы белая хустка спатрэбіцца ўсёй вёсцы. Калі, вядома, нічога не зменіцца…

Марыя Дулік.

Марыя Дулік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?