У другой палове ХІХ ст. пачалася першая маштабная гонка ўзбраенняў. У той час драўляныя караблі страцілі сваю вартасць, і ўсе краіны свету, якія мелі хоць нейкія замежнапалітычныя амбіцыі, пачалі будаваць караблі з металічнымі карпусамі.

Улада над морамі мела прынцыповае значэнне. Той, хто меў найбольшы патэнцыял для масавага будавання караблёў і найноўшыя тэхналогіі, атрымліваў заўважную перавагу над праціўнікам.

Тое самае адбылося праз некалькі дзясяткаў год са з’яўленнем у 1906 годзе дрэдноўтаў — цяжка браніраваных артылерыйскіх караблёў, кожны з якіх разы ў тры па магутнасці ўзбраення пераўзыходзіў караблі папярэдніх канцэпцый.

Ізноў пачалося спаборніцтва па абнаўленні флатоў. У выніку гэтыя караблі сталі індыкатарам эканамічнай і вайсковай магутнасці. Валодалі дрэдноўтамі не толькі краіны першага парадку, аднак спусціць іх на ваду ў сваім доку маглі толькі краіны, якія ўваходзілі ў спіс самых уплывовых у свеце.

Штосьці падобнае адбываецца і ў нашы дні ў сферы баявой авіяцыі.

  Амерыканскі лінкор Iowa - нашчадак дрэдноўтаў.

Амерыканскі лінкор Iowa - нашчадак дрэдноўтаў.

Пятае пакаленне баявой авіяцыі — пра вызначэнне характарыстык гэтага пакалення спецыялісты спрачаюцца, што ў значнай ступені звязана з пытаннямі прапаганды і змагання за будучых кліентаў. Агулам гэта рэактыўныя баявыя машыны, якія могуць весці бой у любое надвор'е, маюць стэлс-характарыстыкі, то бок нізкую заўважальнасць для радараў, выкарыстоўваюць апошнія дасягненні ў авіёніцы і маюць інтэграваныя камп’ютарныя сістэмы кіравання для максімальна эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі самалётамі, спадарожнікамі ў космасе, флотам, наземнымі войскамі і сіламі супрацьпаветранай абароны.

Нараджэнне «невідзімкі»

Да з'яўлення радараў баявыя самалёты спрабавалі схаваць у небе з дапамогай рознага камуфляжу — у Першую сусветную вайну немцы нават эксперыментавалі з празрыстай ацэлцэлюлозай, аднак аказалася, што пад сонцам яна плавіцца, а блікі на ёй выдаюць самалёт праціўніку.

У 1943 годзе ўжо падчас наступнай вайны з'явілася нямецкая субмарына U-480 — першая, што мела спецыяльнае гумовае пакрыццё, што моцна зніжала эфектыўнасць варожых супрацьлодкавых радараў.

Пасля Другой сусветнай аказалася, што менавіта радар, а не чалавечае вока, робіцца галоўнай сістэмай папярэджання і ў паветраным баі, і ў змаганні з наземнымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны. Амерыканцы, сусветныя лідары ў авіяцыйнай галіне, першымі сталі думаць, як выправіць сітуацыю.

SR-71 заставалася на ўзбраенні да канца 1990-х гадоў.

SR-71 заставалася на ўзбраенні да канца 1990-х гадоў.

У 1950-я Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне пачало рабіць замовы на навуковыя пошукі ў сферы зніжэння заўважнасці сваіх разведвальных самалётаў для савецкіх радараў. Ужо распрацаваны ў 1964 годзе SR-71 Blackbird меў аэрадынамічныя формы, якія мусілі зрабіць мінімальнай эфектыўную плошчу рассеяння электрамагнітных хваляў. Таксама на самалёце выкарыстоўваліся кампазітныя матэрыялы і спецыяльная фарба, якая паглынала электрамагнітнае выпраменьванне радараў.

Лідарства ЗША ў гэтай сферы прывяло да таго, што тэхналогіі, якія зніжаюць электрамагнітную заўважнасць тэхнікі, атрымалі назоў стэлс-тэхналогій, ад англійскага stealth — патаемны, схаваны.

Ужо ў 1970-я гады Міністэрства абароны ЗША паставіла за мэту стварыць баявыя самалёты, малазаўважныя для радараў. Так нарадзіўся ў 1981 годзе першы бамбавік-стэлс F-117 Nighthawk, а ў 1989 годзе — першы стратэгічны стэлс-бамбавік B-2 Spirit.

B-2 Spirit пусты важыць 72 тоны, і можа ўздымаць на высату да 15 км да 100 дадатковых тон паліва, бомбы і ракеты.

B-2 Spirit пусты важыць 72 тоны, і можа ўздымаць на высату да 15 км да 100 дадатковых тон паліва, бомбы і ракеты.

У той час у свеце не было нічога падобнага — і дагэтуль ЗША застаюцца адзінай краінай, якая мае на ўзбраенні падобныя лятучыя машыны.

 

Няма нічога даражэйшага, чым таннае

Як і агромныя дрэдноўты, адносна невялікія самалёты, якія адкрывалі новую эпоху ў вайсковай авіяцыі, аказаліся вельмі дарагія. Маючы адпрацаваныя схемы, ЗША выпусцілі ў 1997 годзе F-22 Raptor — задуманы яшчэ ў 1980-я стэлс-знішчальнік. Аднак кожная машына каштавала $150 мільёнаў, таму вытворчасць спынілі ў 2011 годзе пасля таго, як пабудавалі 195 такіх знішчальнікаў.

Да таго ж «Драпежная птушка» задумвалася найперш для барацьбы з савецкай авіяцыяй, а да 2014 года ЗША не думалі, што магчымая новая халодная вайна. Адной з прычын адмовы ад вытворчасці F-22 абсалютна афіцыйна стала «адсутнасць рэлевантнага праціўніка». Адміністрацыя прэзідэнта Барака Абамы палічыла, што такі самалёт непатрэбны ў свеце, дзе галоўная мэта ЗША — ваяваць з паўпартызанскімі групамі ісламістаў у Іраку і Афганістане.

F-35С - варыянт для марской авіяцыі.

F-35С - варыянт для марской авіяцыі.

Стаўка была зроблена на наступную машыну, задуманую ў пачатку 2000-х гадоў, — шматмэтавы знішчальнік F-35 Lightning II, які меў вырабляцца адразу ў трох варыянтах: для ВПС ЗША, для авіяцыі ВМС ЗША і для авіяцыі Корпуса марской пяхоты.

Праграма «прасцейшага і ўніверсальнага знішчальніка стэлс» стала самым дарагім праектам па распрацоўцы ўзбраення ў сусветнай гісторыі і каштавала амерыканскаму бюджэту $1,5 трыльёна. Праўда, чакаецца, што пры гэтым за кошт масавай вытворчасці цана кожнага самалёта паасобку будзе меншай, чым у F-22 Raptor на 20—30%.

Працэс прыняцця F-35 на ўзбраенне пачаўся ў 2015 годзе, у выніку цяпер ЗША маюць каля 400 самалётаў пятага пакалення ва Узброеных сілах — 195 F-22 і каля 200 F-35. Усяго ж плануецца, што ЗША будуць купляць F-35 яшчэ на працягу наступных 20 год, а агульны аб’ём замовы складзе амаль 2500 машын.

Мы з табою суседзі па сусвеце

Маючы перад вачыма відавочны адрыў ЗША ў найважнейшай абароннай сферы, Расія і Кітай таксама абвесцілі, а потым прадэманстравалі прататыпы сваіх знішчальнікаў пятага пакалення.

Расійскі ПАК ФА

Расійскі ПАК ФА

У Расіі ім стаў ПАК ФА (Перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі) распрацоўкі Канструктарскага бюро Сухога. Машына паднялася ў паветра ў 2010 годзе і, як чакаецца, у 2018 можа быць прынятая на ўзбраенне. Стваральнікі заяўляюць, што знішчальнік мае стэлс-якасці, крэйсерскую звышгукавую хуткасць, звышманеўранасць.

Звышманеўранасць — здольнасць самалёта захоўваць устойлівасць і кіраванасць на закрытычных вуглах атакі з высокімі перагрузкамі, а таксама здольнасць да змены становішча адносна патоку, якая дазваляе наводзіць узбраенне на цэль па-за вектарам дзейнай траекторыі. Прыклады — манеўры «Кобра» ці «Звон».

Цікава, што менавіта апошнюю характарыстыку ў Расіі лічаць адной з вызначальных для паняцця «самалёт пятага пакалення», у сувязі з чым ставяць пад сумнеў баяздольнасць тых жа F-35. Аднак у ЗША ўжо распрацоўвалі машыны са звышманеўранасцю і адмовіліся ад іх, звяртаючы ўвагу на тое, што такія манеўры прыводзяць да амаль поўнай страты хуткасці самалётам, што робіць яго амаль бездапаможным у масавым баі.

 

А што іншыя?

Кітайскі Chengdu J-20

Кітайскі Chengdu J-20

Кітай распрацоўвае адразу два стэлс-знішчальнікі — Chengdu J-20 і Shenyang J-31, першыя іх палёты адбыліся, адпаведна, у 2011 і 2012 гадах. Невядома, аднак, гэта самалёты рознага прызначэння, напрыклад, для наземнай і марской авіяцыі, канкурэнтныя праекты ці адзін самалёт будзе пастаўляцца для кітайскай арміі, а другі — на экспарт.

Мае прататып знішчальніка новага пакалення Японія — яе Mitsubishi X-2 Shinshin падняўся ў паветра мінулай вясной. Аднак на ўзбраенне японскіх Сіл Абароны знішчальнік трапіць толькі ў 2024 годзе.

Індыя мае адразу два праекты знішчальніка пятага пакалення — HAL АМСА, над якім працуе ўласнымі сіламі, і FGFA, адгалінаванне ад расійскага праекта ПАК ФА. Аднак першы самалёт, як чакаецца, паляціць толькі ў 2023—2024 гадах, а калі з’явіцца другі, увогуле невядома.

І фактычна толькі на ўзроўні канцэптуальных распрацовак знаходзіцца турэцкі праект — знішчальнік TAI TFX. Прычым удзел у праектаванні самалёта возьме брытанская абаронная карпарацыя BAE Systems.

Падрыхтоўка да мінулай вайны?

З зайздроснай рэгулярнасцю, прыкладна раз на некалькі месяцаў, з'яўляюцца артыкулы, якія імкнуцца паказаць поўную неэфектыўнасць самалётаў пятага пакалення (зразумела, амерыканскіх, бо іншых няма) альбо іх татальную перавагу над большасцю сучаснай авіяцыі.

Пры гэтым трэба адзначыць, што рэальныя баявыя характарыстыкі самалётаў стэлс супраць сучасных радараў сістэм супрацьпаветранай абароны засакрэчаныя. Мы фактычна не ведаем ані ўзроўню эфектыўнасці першых, ані паказчыкаў другіх.

Спаборніцтва тэхналогій не спыняецца і ў выпадку са снарадам і броняй, і ў выпадку радараў і стэлс-тэхналогій. Гэтак, на пачатку 1990-х яшчэ старыя стэлсы F-117 дапамаглі пераўтварыць у нішто пабудаваную па савецкіх лякалах сістэму СПА Ірака, а ўжо ў 1999 годзе ВПС ЗША страцілі над Югаславіяй адзін з гэтых самалётаў.

Генерал арміі ЗША Марк Мілі заўважыў гэтай восенню ў праграмным выступе: «З-за распаўсюджвання высокатэхналагічных сістэм СПА наземным войскам прыйдзецца ўваходзіць у зачыненыя для ВПС і ВМС раёны, каб затым дапамагчы дзеянням авіяцыі і флота. Гэта наўпрост супярэчыць таму, што мы рабілі апошнія 70 год, калі ВПС і флот адкрывалі дарогу наземным часткам».

Акрамя імклівага развіцця супрацьпаветранай абароны можа выбухнуць у бліжэйшыя 5—10 гадоў іншая рэвалюцыя — рэвалюцыя баявой беспілотнай авіяцыі. 

Доследны беспілотнік X-47D на авіяносцы George H.W.Bush (CVN-77)

Доследны беспілотнік X-47D на авіяносцы George H.W.Bush (CVN-77)

Неймаверную колькасць праблем, якія вымушаныя вырашаць сучасныя ваенна-паветраныя сілы, можа зняць не стэлс, а пераход на цалкам беспілотную баявую авіяцыю. Прападуць, напрыклад, абмежаванні па перагрузках, якія не мог ператрываць нават добра падрыхтаваны пілот, што дазволіць куды эфектыўней сыходзіць ад ракет манеўрамі самаго беспілотніка. 

Вялікай колькасцю адносна танных машын, якія не маюць стэлс-характэрыстык, можна будзе паспрабаваць проста перагрузіць і знішчыць сістэму СПА праціўніка, пасля чаго адпраўляць на тэрыторыю праціўніка больш дарагія і цяжкія самалёты.

У гэтым кантэксце ўзнікае пытанне, ці патрэбная цяпер Беларусі і шырэй — Еўропе, якая не прапанавала аніводнага праекта свайго самалёта 5-га пакалення, найноўшая пілатаваная баявая авіяцыя? Ці трэба з апорай на сістэмы супрацьпаветранай абароны перачакаць сучасны перыяд звышдарагіх распрацовак і зрабіць стаўку на будучыя беспілотныя баявыя сістэмы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?