2 сакавіка Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу. «Наша Ніва» згадвае цікавыя старонкі біяграфіі аднаго з самых неардынарных прадстаўнікоў кіруючай эліты.

Валерый Цапкала (справа) і прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Валерый Цапкала (справа) і прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Дзяцінства ў Гродне

Валерый Цапкала нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гродне. Ягоныя бацькі — Вільям і Ніна — былі накіраваныя на захад Беларусі па размеркаванні для будаўніцтва азотнага завода. Бацька скончыў Адэскі політэхнічны, маці — Харкаўскі інжынерна-эканамічны.

У выніку бацькі так і адпрацавалі на заводзе ўсё жыццё. Маці, якая працавала начальнікам у аддзеле працы завода, у 1986 годзе нават атрымала медаль «За працоўную доблесць».

Цапкала-старэйшы атрымаў незвычайнае імя Вільям ад сваіх бацькоў-педагогаў. Ён зрабіў кар’еру на заводзе, стаў намеснікам начальніка аддзела галоўнага механіка. На пенсіі займаўся дыягностыкай камп’ютарнага абсталявання.

У інтэрнэце можна знайсці патэнт Вільяма Цапкалы: «Спосаб выпарвання водных раствораў мачавіны і выпарны апарат для яго ажыццяўлення».

Раннія гады Валерыя прайшлі ў завулку Даватара, ён быў адзіным дзіцём у сям’і. У інтэрв’ю «Гродзенскай праўдзе» мама Ніна Пятроўна казала, што адчувае перад сынам віну, за тое, што ўвесь час была занятая працай і мала праводзіла часу з дзіцём.

«Я вельмі люблю Гродна. Заўсёды прыемна туды вяртацца», — казаў сам Цапкала.

МГІМО і фінская мова

Валерый Цапкала выдатна вучыўся ў школе, хаця сам кажа, што кніжнікам ніколі не быў. «Ганяў мяч, шайбу, як усе. Калі бацькі хацелі аддаць у музычную школу, то ўзбунтаваўся», — расказвае пра малыя гады. Але ўжо ў сярэдніх класах пайшло захапленне кнігай.

Цапкалу хацелася паступіць у МГІМО, аднак пасля школы зрабіць гэтага не ўдалося. Таму пайшоў вучыцца ў Мінскі тэхналагічны. Пасля другога курса юнака забралі служыць у войска. Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. «Гэта былі гады дэмаграфічнай ямы, забралі ўсіх з курса», — згадвае ён.

Пасля войска паступіць у МГІМО ўсё ж атрымалася. У савецкай сістэме не існавала выбару, якую мову вывучаць. Цапкалу размеркавалі на фінскую мову. «Фінская дык фінская, дзякуй, што не албанская», — Цапкала кажа, што немагчыма добра засвоіць мову без любові да краіны, дзе на ёй размаўляюць, таму чытаў «Калевалу», фінскую перыёдыку.

На самым сконе Савецкага саюза крыху папрацаваў у савецкім пасольстве ў Хельсінкі. Па развале СССР прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь, а не заставацца на працы ў Расіі.

Праца ў камандзе Шушкевіча

У 1993-1994 Валерый Цапкала быў дарадцам старшыні Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча. Тады ў іх камандзе былі Анатоль Міхайлаў (колішні рэктар ЕГУ). Аднак перад прэзідэнцкімі выбарамі Цапкала перайшоў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, адбылося гэта прыкладна ў снежні 1993 года.

Менавіта ён арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў расійскую Дзяржаўную думу. Адбывалася гэта па сувязях з ЛДПР, бо ў гэтай партыі таксама было дастаткова шмат выпускнікоў МГІМО.

Пасля выбараў Цапкалу прызначылі першым намеснікам міністра замежных спраў. На той момант дыпламату было ўсяго толькі 29 гадоў. Уявіць нешта падобнае сёння ў Беларусі вельмі складана.

Крыніцы «НН» расказваюць, што тагачасны міністр Уладзімір Сянько вельмі супраціўляўся такому рашэнню, але нічога не змог зрабіць. Увогуле ж Цапкала тых гадоў характарызаваўся бесканфліктнасцю.

Заснаванне Парка высокіх тэхналогій

Андрэй Давыдчык, dev.by

Андрэй Давыдчык, dev.by

У 32 гады Валерый Цапкала становіцца паслом Беларусі ў ЗША. Зноўку ж такая адказная пасада дастаецца настолькі маладому спецыялісту. Менавіта ў Амерыцы Цапкала падгледзеў ідэю стварэння беларускай «сіліконавай даліны». У перыяд ад 2002 да 2005 Цапкала з’яўляўся памочнікам прэзідэнта, яму ўдалося данесці да кіраўніка дзяржавы важнасць стварэння Парка высокіх тэхналогій. У 2005 годзе Цапкала ўзначаліў Парк, які знаходзіцца ў мікрараёне Уручча.

ПВТ — гэта асаблівая эканамічная зона, яе рэзідэнты пазбаўляюцца абавязку сплачваць дадатковыя падаткі ў дзяржаўны бюджэт. А падаходны падатак для супрацоўнікаў складае не 13% як па краіне, а 9%. Рэзідэнтамі Парка з’яўляюцца такія монстры ІТ-сферы, як EPAM Systems, а таксама «Гейм Стрым», партнёр кампаніі Wargaming.

Стартапы кампаніі грымяць на ўвесь свет — гэта і Viber, і «Свет танкаў», і MAPS.ME. Быў яшчэ MSQRD. У асноўным кампаніі працуюць на замежных заказчыкаў.

«Калі казаць пра мару, мы хочам у прынцыпе зрабіць Мінск, а можа і ўсю рэспубліку, вялікім тэхналагічным паркам, дзе людзі сядзелі б у кавярнях і абмяркоўвалі, як стварыць новы стартап», — дзяліўся марамі Цапкала.

Некалі ПВТ забяспечвала больш за 10% плацежнага сальда краіны! «Для мяне ідэалогія — гэта ідэалогія мадэрнізацыі, ідэалогія таго, што мы можам быць такімі ж паспяховымі, як амерыканцы, японцы, як немцы — як любы іншы паспяховы народ», — казаў Цапкала.

Мінулым летам у Валерыя Цапкалы адбыўся канфлікт з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком. У адным з інтэрв’ю дырэктар ПВТ сказаў, што Стыва Джобса ў Беларусі арыштавалі б за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. На што Канюк адказаў, што Джобс займаўся тым, што ў савецкія часы называлася спекуляцыяй.

Аўтар кнігі пра смерць і ўваскрашэнне чалавека

Будучы кіраўніком ПВТ, Валерый Цапкала вёў блог у Жывым Журнале. Цікава, што ён быў падпісаны ўсяго на трох чалавек — палітолага Юрыя Шаўцова, украінскага банкіра Цігіпку, а таксама расійскага грамадскага дзеяча Скурлатава.

У 2005 годзе Валерый Цапкала напісаў кнігу, якая называлася «Код неўміручасці: Тайны смерці і ўваскрашэння чалавека».

«Ці можа смяротны чалавек здабыць неўміручасць? Ці можна на аснове вялізнага культурнага і рэлігійнага досведу чалавецтва знайсці ключ да паўторнага ўзнаўлення чалавека ў яго сапраўдным выглядзе? Ці ёсць да таго цалкам навуковыя перадумовы? Гэтая кніга апавядае пра разгадкі таямніцы смерці чалавека, яго часовага сыходу з зямнога свету, пра магчымасць яго цялеснага вяртання і духоўнага ўваскрашэння. Самае дзіўнае, што тут няма нічога містычнага», — гаворыцца ў анатацыі.

У 2009 годзе выданне было перакладзенае на англійскую мову.

«Канец света, калі аб’яднаць яго з антропным прынцыпам, ставіць роўнасць паміж чалавекам і сусветам, то бок сэнс у тым, што чалавек сваім розумам здольны сусвет зразумець, усвядоміць, а значыць змясціць у сабе. Гэта Гегель яшчэ спрабаваў намацаць, тое, што розум падобны сусвету. Калі чалавек памірае, адбываецца знішчэнне ўсяго сусвету, а потым адбываецца вяртанне, уваскрасенне, застаецца толькі ўспомніць. Памятаеце ў Пастарнака: «Трэба ўспомніць, каб уваскрэснуць», уваскрасаць — гэта значыць узгадваць», — казаў Цапкала з нагоды выхаду кнігі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?