Мінскі аўтазавод запусціць у гэтым годзе вытворчасць грузавікоў экалагічнага класа Еўра-6 для еўрапейскага рынку, паведамілі БЕЛТА ў кампаніі.

У краіны ЕС паедуць новыя самазвалы, шасі і седлавыя цягачы з рознымі колавымі формуламі (4х2, 6х4 і 8х4) і рухавікамі Mercedes-Benz.

Грузавікі выпушчаныя ў двух класах — бюджэтным і люксавым. У прыватнасці, для еўрапейскага рынку вырабленыя пяць базавых мадэляў магутнасцю ад 300 конскіх сіл. Пасля правядзення неабходных выпрабаванняў і падрыхтоўчых працэсаў аўтамабілі паступяць у серыйную вытворчасць.

З новымі грузавікамі ААТ «МАЗ» зможа пашырыць сваю прысутнасць у краінах Балтыі, Балканскага паўвострава і Заходняй Еўропы. «Нашы грузавікі класа Еўра-6 канкурэнтаздольныя ў Еўрасаюзе як па характарыстыках, так і па цане. Мы, вядома, рэальна ацэньваем свае перспектывы і ўзровень канкурэнцыі, аднак нам сапраўды ёсць што прапанаваць еўрапейскім спажыўцам», — адзначыў намеснік галоўнага канструктара Мікалай Лакотка.

Новыя грузавікі таксама плануюць пастаўляць расійскім перавозчыкам, якія выконваюць рэйсы ў еўрапейскія краіны.

«На расійскі рынак прадпрыемства паставіць седлавыя цягачы класа Еўра-6 раней за мясцовых аўтавытворцаў і адначасова з вялікай еўрапейскай сямёркай, — падкрэсліў Мікалай Лакотка. — Нягледзячы на тое, што ў дадзены момант у тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза яшчэ не вызначаныя патрабаванні да аўтамабіляў класа Еўра-6, Мінскі аўтазавод засяродзіў свае сілы на распрацоўцы і вырабе аўтамабіляў, якія адпавядаюць самым жорсткім і сучасным патрабаванням правіл і дырэктыў еўрапейскіх стандартаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0