Мы, беларусы, як не хто іншы, любім шукаць адмазкі і апраўданні сваім дзеям ці бяздзеянню. Напэўна, калі б у свеце можна было запатэнтаваць першую і другую з’яву — то ўжо даўно забяспечылі б сабе бязбеднае жыццё і стварылі не горшы за нарвежскі «фонд пакаленняў», які б на стагоддзі наперад забяспечыў нацыянальныя патрэбы.

Адны з самых эфектыўных і частых адмазак у нас датычацца беларускай мовы. Мы не размаўляем на ёй, бо «мала хто размаўляе», «калі б усе пачалі, то і я б таксама» і, канечне, варта прывесці нешта з залатой класікі, накшталт «вы так прыгожа размаўляеце, а я не хачу каверкаць язык». З мовай у Беларусі складана. А як бы вы адрэагавалі, калі б даведаліся, што цяпер Масква перажывае сапраўдны беларускамоўны бум? (апроч нядаўняга захаплення «шмаравідлам») Беларускі лінгвіст Антон Сомін пераконвае міжнародную супольнасць, што беларуская мова жывая і прыгожая, ладзіць у Маскве моўныя курсы, на якія можна патрапіць выключна паводле конкурснага адбору, заснаваў пяць год таму ў Мінску найбуйнейшы на постсавецкай прасторы «Фэстываль моў», а таксама выдае ў Расіі падручнік па самавывучэнні беларускай мовы, які чамусьці можна набыць, толькі дасягнуўшы 16 гадоў.

Калі б нехта сказаў, што я напішу падручнік па беларускай мове — толькі б рассмяяўся

Калі б нехта сказаў, што я напішу падручнік па беларускай мове — толькі б рассмяяўся

— Віншуем з выхадам падручніка і прэзэнтацыяй яго беларускай публіцы сёлета на кніжнай выставе! Падручнік па самавывучэнні беларускай мовы мае пазнаку «16+».Чаму расейцы лічаць мову надта інтымнай і дазваляюць вывучаць яе толькі з 16 гадоў?

— Гісторыя мае свае карані ў дурнаватым расейскім заканадаўстве, якое цяпер, дарэчы, распаўсюджваецца і на беларускія выданні. У нас таксама прынялі закон, які абавязвае рабіць узроставыя адзнакі з «+».

Што тычыцца кнігі, прычына ў тым, што ў падручніку ёсць згадкі пра алкагольныя напоі, а гэту інфармацыю ў Расіі нібыта нельга ведаць дзецям да 16. Насамрэч, можна было правесці экспертызу, і падручнік меў бы «12+». Тут праблема ў тым, што гэтая экспертыза даволі дорага каштуе. У дадатак трэба знайсці эксперта, які мае права рабіць блямкі на кнігі і валодае беларускай мовай. А ў Маскве гэта проста нерэальна.Таму выдавецтва, якое займалася падручнікам, ставіць такія пазнакі нават на дапаможнік па граматыцы. І мы жартуем, што можна знайсці ў граматычным дапаможніку на «16+»? У падрыхтоўцы кнігі мне дапамагала сяброўка, разам з якой складалі дыялогі, прыдумлялі запамінальныя і адметныя жарты.

І калі мы даведаліся, што падручнік будзе мець такое ўзроставае абмежаванне, падумалі, што, мабыць, у наступным выданні мы змесцім яшчэ больш яркія жарты і дагонім да «18+», каб больш увагі было.

Тады гісторыя пра мой падручнік увойдзе ў раздзел «Каханне і сэкс» нароўні са свецкім львом Іванам Шылам.

— Дзіўны выбар для занятку ў Маскве — ствараць падручнік для вывучэння мовы.

— Калі б мне нехта сказаў 5 год таму, што я напішу падручнік па беларускай мове, то проста рассмяяўся бы ў адказ. Я займаўся мовай як навуковец, але, канечне, не лічыў сябе галоўным спецыялістам, асабліва з-за таго, што жыў у Маскве і мову амаль не практыкаваў. Але потым, калі падумаў, што за падручнік можа сесці нехта, каму беларуская насамрэч абыякавая, вырашыў пагадзіцца. Бачыў, што ў гэтай серыі ёсць вельмі добрыя падручнікі, а ёсць і зусім наадварот.

— Чым ён тады адрозніваецца ад іншых падручнікаў?

— Можна сказаць, што ў нас ёсць два лексічныя пласты: афіцыйны і ад тарашкевіцы. Нехта гаворыць, што веласіпед і пасольства — гэта не беларускія словы, а рускія, і вывучаць іх непатрэбна. А будуць людзі, якія скажуць, што ровар і амбасада — гэта паланізмы.

Я вырашыў, што гэтыя два лагеры трэба прымірыць, і стварыў першы падручнік, дзе адначасова ёсць інфармацыя пра абодва варыянты. Інфармацыя пра тарашкевіцу надрукаваная іншым шрыфтам. У спісах слоў я даваў два варыянты напісання праз «слэш». Агулам гэта тыповы падручнік для саманавучання, дзе ёсць дыялогі, практыкаванні на лексіку, маўленне.

— Над чым прыйшлося найбольш папрацаваць?

— О, гэта быў «самавучыцель», асобнай гісторыяй сталася назва. У слоўніку Крапівы «самоучітель» азначае «самавучыцель». З такой назвай ніхто б не набыў такі падручнік і лічыў бы назву ганебным русізмам. Пад такой вокладкай можна чакаць толькі жэстачайшую рускую мову з беларускім акцэнтам. А калі напісаць не самавучыцель, будзе не як у слоўніку і многія людзі сказалі б: «тое, што не ў слоўніку — тое не па-беларуску, нашто рабіць наватворы». Я шмат чаго перарыў і знайшоў варыянт «саманавучальнік», «самавучак» ад Клышкі, «падручнік для саманавучання», для «самастойнага навучання». Я кансультаваўся з рознымі беларускімі лінгвістамі, і мы прыйшлі да высновы, што лепш ужыць «падручнік для саманавучання», а ўнутры напісаць «самавучыцель», бо гэта будзе без запазычанага суфікса «цель».

«Майткі ці трусы?»

— Ты таксама адзначыў, што ў свеце, дзе адны носяць «трусы», а іншыя — «майткі», жыць складана. Як мяркуеш, беларусы змогуць пераадолець гэтую моўную падвоенасць? Альбо наадварот, яна карысна ўплывае на грамадства і захааванне мовы?

— Гэта як у N.R.М. — «падваенне асобы зрывае нам дах». Тут таксама такое падваенне асобы ў беларускай мовы. Не ўсе лінгвісты прызнаюць варыятыўнасць і права на існаванне другога варыянта. Насамрэч, іх нават не некалькі, а некалькі дзясяткаў ці соцень. Дадайце яшчэ і тое, што адрозніваецца граматыка, лексіка і фанетыка… Мне падаецца, што гэта не вельмі добра для беларускай мовы, бо ў нас існуе супрацьстаянне — беларуская мова супраць расейскай і наадварот. Да гэтага дадаюцца дыялекты і трасянка ці, калі казаць больш паліткарэктна, беларускі варыянт рускай мовы. І ў дадатак у нас ёсць шмат расейскамоўных і няшмат беларускамоўных, сярод якіх ідзе супрацьстаянне — ці трэба пісаць мяккі знак, трэба насіць майткі альбо трусы — не толькі арфаграфія, але і лексіка. Здаецца, гэта дзейнічае не на карысць беларускай мовы. Калі мне прапанавалі пісаць падручнік, я якраз пісаў дысертацыю. У выніку прайшло 5 гадоў, і падручнік ёсць, а дысертацыі няма.

— Напэўна, гэта быў нялёгкі выбар: адкласці акадэмічныя дасягненні і магчымасці на карысць развіцця і папулярызацыі мовы. А якая была тэма дысертацыі?

— Тэма дысертацыі таксама прабеларуская і яе нараджэнне мае дзіўную гісторыю. Яна тычыцца той самай падвойнасці мовы. Чытаеш, напрыклад, каментары да беларускамоўных артыкулаў на Tut.by: «Выпадак на граніцы. Пагранічнікі патрулявалі і былі ўзброены ружжом». І каментатар піша, што замест «граніцы» трэба было ўжыць «мяжа», замест «ружжа» — ужыць «стрэльбу». Гэты чалавек абвінавачвае аўтараў, што яны не ведаюць беларускую мову і цалкам зрусіфікаваныя. Альбо бывае так: сустрэне чалавек слова «маладзён», не ведае пра яго існаванне і піша: «Што гэта за перл? Чарговы прыём Акадэміі навук па паляпшэнні мовы». Альбо так: «Торкнула і напісалі». Тое самае бывае з мапай, роварам і раварыстамі… Усё гэта сапраўдныя каментары з сайтаў. У нас ёсць дзве групы беларусаў, якія лічаць, што ведаюць мову, а мова другой — занадта русіфікаваная, наватворная ці сінтэтычная, гэта не дае зрабіць адзіную беларускамоўную супольнасць. Гэта вядзе не да развіцця мовы, але да стагнацыі. Такая сітуацыя можа выправіцца, толькі калі мова стане больш ужывацца, мова сама адрэгулюе сябе. Вось у Расіі сёння ўсе б’юць трывогу, што мова гіне, запазычанні паўсюль, бо ў ёй шмат англіцызмаў. Калі яны будуць патрэбныя нам — яны застануцца, калі не — то не застануцца. Тое самае будзе і з беларускай, калі ёй будуць карыстацца ва ўсіх сферах. Калі захочуць, каб засталіся трусы — то застануцца, калі не — то майткі. Іначай словы разыйдуцца па значэнні. Як вёска і дзярэўня. Бо вёска — гэта вёска, а дзярэўня — неадукаваныя людзі. Так і гэтыя словы разыйдуцца, а калі мова стане больш ужыванай, то яна нармалізуецца.

— Чым цяпер займаешся ў Маскве?

— Цяпер я выкладаю ў двух універсітэтах і пішу навуковыя артыкулы. Шмат маю цікавых задум і хачу дапісаць дысертацыю, ад якой адцягваюць тыя самыя ідэі. Нядаўна з калегамі выдалі найноўшы слоўнік мовы інтэрнэту. Гэта не нейкі баян з «луркмора», а насамрэч навуковая праца, дзе адлюстроўваецца гісторыя рускамоўнага інтэрнэту з 90-х да сучаснасці. Гэта не спроба закінуць на паперу найноўшыя мемы, бо тады ён праз некалькі месяцаў будзе неактуальны. Гэта спроба апісаць розныя этапы развіцця інтэрнэту: дзяцінства 90-х, мова падонкаў — 2000-х. Гэта спроба зрабіць сур’ёзнае даследаванне з несур’ёзнай тэмы. Таксама выкладаю ў двух універсітэтах розныя лінгвістычныя прадметы. Яшчэ выкладаў беларускую мову ў праекце «Школа моў суседзяў краін СНД», арганізоўваў «фэстываль моў» у Маскве і Мінску, а таксама алімпіяды па лінгвістыцы.

— Конкурс на курсы беларускай мовы ў Маскве — два з паловай чалавекі на месца!

— У парку Горкага ў Маскве праводзяць адукацыйную праграму — «Школа моў мігрантаў». На пачатку было 4 мовы: таджыкская, казахская, малдаўская і кіргізская. Праект карыстаўся попытам, і дзяўчына-арганізатарка вырашыла пашырыць яго на ўсе 10 моў краін СНД. Заявак на курс было столькі, што нават прыйшлося адбіраць удзельнікаў на конкурснай аснове паводле матывацыйных лістоў. Дарэчы, быў прыемна ўражаны, што самай запатрабаванай была ўкраінская. Гэта прытым, што ішоў 2015 год! Што тычыцца беларускай — было цяжка адабраць людзей. Бо матывацыйныя лісты былі цудоўныя. Большасць удзельнікаў мелі продкаў з Беларусі. Многія з дзяцінства праводзілі лета ў беларускіх вёсках з бабулямі і дзядулямі, памяталі мову, якая ім падабалася. Некалькі чалавек мелі патрэбу ў прафесійнай дзейнасці. Адна дзяўчына займалася фальклорам памежжа, ёй мова патрэбная была для вывучэння матэрыялу. Іншая дзяўчына вырашыла пайсці на курсы, бо прачытала, што ў Беларусі мала людзей размаўляе па-беларуску, і яна вырашыла рабіць тое, што не робяць самі беларусы. Гэта якраз быў час, калі я амаль скончыў падручнік, і на той групе выпрабавалі амаль усе заняткі, выправілі памылкі і зрабілі змены. Спадзяюся, што ў наступным годзе курсы працягнуцца, бо ахвотных да вывучэння мовы шмат. За 4 месяцы мы правялі 16 заняткаў па 2 гадзіны. На апошнім занятку мы нават гулялі ў «капялюш» і тлумачылі словы па-беларуску, нават АНТ зрабіла пра гэта сюжэт. Удзельнікі курсаў дагэтуль пішуць мне лісты па-беларуску.

— Цябе не бянтэжыла, што беларус прыехаў у Маскву навучаць замежнікаў беларускай мове? Не адчуў сябе Стынгам?

— Не, наадварот. Я пастаянна карыстаўся тым, што валодаю беларускай мовай. Так, калі я вывучаў лінгвістыку ва ўніверсітэце, прыводзіў прыклады «замежнай» мовы, якая адрознівалася ад расейскай. Выкладаў беларускую на моўных фестывалях у Маскве і Пецярбургу. Для алімпіяды па лінгвістыцы я склаў некалькі задач па беларускай мове, таму гэта мяне ніколькі не бянтэжыла. Я памятаю ўражанні ад першага занятку «Школы моў суседзяў», калі я заходзіў на занятак, і руская аўдыторыя спрабавала вітацца са мной па-беларуску яшчэ з рускім маўленнем. Так было прыемна, калі масквічы паўтараюць за табой па-беларуску і стараюцца як мага лепш вымавіць, каб быць падобнымі да цябе!

Фота Ірыны Арахоўскай, зробленае падчас кніжнага кірмашу ў Мінску

Фота Ірыны Арахоўскай, зробленае падчас кніжнага кірмашу ў Мінску

— Гэтая любоў да беларушчыны з дзяцінства?

— У школе я не надта любіў беларускую мову, увогуле лічыў яе не вельмі патрэбнай. Калі б нехта сказаў, што я напішу праз 10 год падручнік, я бы проста пасмяяўся. І таму цяпер яшчэ прыемней было назіраць, як замежнікі пішуць сачыненні «мая кватэра» і стараюцца без акцэнта размаўляць па-беларуску. Такі кантраст з Беларуссю.

Беларусы і крэветкі заваёўваюць Маскву

— З-за гэтага кантрасту ты якраз і перабраўся ў Маскву?

— Увогуле гэта даволі заблытаная гісторыя. Я не ведаў, у адрозненне ад многіх сяброў у гімназіі, куды паступаць пасля навучання. Улетку пасля 10 класа я патрапіў у беларускую каманду ў падмаскоўную моўную школу, якая завецца, не смейцеся зараз, «Масковія», для школьнікаў, якія вывучаюць рускую мову як замежную. Было вельмі цікава, у кожнай групе былі людзі з розных краін, а мова міжнацыянальных стасункаў была руская. Можна было ўбачыць, як француз размаўляе з італьянцам па-руску. Там я і зразумеў, што ў мяне ёсць нешта, чым я адрозніваюся ад іншых — беларуская мова. Мы прыехалі ў летнік не як носьбіты рускай мовы, а як жыхары іншай краіны, якія проста валодаюць рускай мовай. А таксама там адчуў прагу да лінгвістыкі.

Вырашыў, што перакладчыкам быць не хачу, што цікавіла праграмаванне, але праграмістам я таксама быць не хацеў. Так знайшлі спецыялнасць эканамічная кібернетыка ў БНТУ. Мой бацька нічога не навязваў, бо яны казалі, што абяру, тое і будзе. Праўда, тата шукаў тое, што мне больш бы падышло. Думалі пра ЕГУ і пра іншыя замежныя ўстановы. Прапанавалі «тэарэтычная і прыкладная лінгвістыка». Там ты вучыш некалькі замежных моў, мовазнаўства і камп'ютарная лінгвістыка — вучышся ствараць праграмы, якія будуць працаваць з мовамі, але праблема была ў тым, што гэта была Масква — зусім не хацелася туды ехаць жыць. У чэрвені я здаў іспыты і паступіў у БНТУ. А ў ліпені я паехаў паралельна здаваць іспыты ў Маскву. У МДУ я не пайшоў, бо трэба было пісаць сачыненні, але я б не паспеў за некалькі месяцаў падрыхтавацца — розніца ў праграме. У РГДУ, памятаю, як сядзеў на тэсце і думаў, каб толькі не напісаў добра, каб не ехаць у тую Маскву зноў… Але цяпер не шкадую, што іспыт выдатна здаў. Бо засвоеныя там веды нечакана цяпер магу выкарыстоўваць на карысць Беларусі, як бы патасна гэта не гучала. Цяпер гэта і падручнік, і курсы, і фестывалі моў…

— Ты казаў, што не хацеў ехаць у Маскву. Ці за 10 год тваё стаўленне змянілася?

— Безумоўна, я прызвычаіўся за 10 гадоў, але яна так і не сталася маім домам. Хоць я прыязджаю ў Мінск зрэдку, але тут я адчуваю сябе дома, спакойна і ў бяспецы. Вядома, я маю любімыя месцы там, я навучыўся жыць, калі я ў Маскве, і Масква навучылася жыць, калі я ў ёй. Безумоўна, там магчымасцяў болей, чым у Мінску. Падчас навучання я думаў, што вярнуся ў Мінск адразу, як здабуду дыплом. Але з часам згубіліся сувязі з мінскімі сябрамі, завязаліся прафесійныя сувязі. У Мінск заўжды можна вярнуцца, а таксама перастала грызці сумленне, што я кінуў Беларусь і паехаў у Расію, бо з’явілася справы, карысныя для дома. І вядома, у Маскве вельмі шпаркія ўсе, і калі прыязджаю ў Беларусь, яшчэ некалькі дзён хаджу хутчэй за іншых.

Фота Ірыны Арахоўскай, зробленае падчас кніжнага кірмашу ў Мінску

Фота Ірыны Арахоўскай, зробленае падчас кніжнага кірмашу ў Мінску

— Гэта не першая твая спроба заваяваць Маскву?

— Не, яшчэ школьнікам я ўдзельнічаў у «Кубку Яндэкса». Гэта былі спаборніцтвы па пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Пачатак 2000-х адрозніваўся ў карыстанні сецівам ад цяперашніх безлімітных часоў і лёгкіх адказаў ад «гугла». Прыходзілася карыстацца dial-up і ўводзіць шмат ключавых слоў, каб даведацца, колькі шын штогод выпускае «Белшына» ці колькі ў Бабруйску знаходзіцца школ. У той жа час «Яндэкс» ладзіў спаборніцтвы па папулярызацыі інтэрнэту. Праўда, сёння смешна і дзіўна гучыць? А тады было актуальна, і я перамог у мінскім адборы, а потым у сваім юніёрскім разрадзе перамог на аналагічным конкурсе ўжо ў Маскве і выйграў модную мабілку з інтэрнэтам і сцілусам, якая каштавала каля 400 даляраў.

— Дарэчы, а калі казаць пра гастраномію. Ці з-за апошніх санкцый паспеў ужо пакаштаваць беларускія крэветкі?

— Гэта пачалося яшчэ да санкцый. Беларусь добра перапрацоўвала рыбу і морапрадукты раней. «Санта-Брэмар» заўсёды распаўсюджваў тут селядцы і крэветкі. Тут любяць розныя гатункі беларускіх сыроў. Беларускае сталася сінонімам якаснага. Нават з’яўляюцца падробкі пад беларускае.

У 1990-я многія кпілі з білбордаў «купляйце беларускае», але якасць тавараў палепшылася за гэтыя гады. У Расіі можна нават знайсці пламбір і марозіва, якое пішацца цалкам па-беларуску. Каля беларускай амбасады дзейнічае рэстарацыя з беларускай ежай, мая сяброўка там каштавала мачанку.

Грамадская пазыцыя. Чаму беларус бароніць маскоўскія тралейбусы?

— Я пачаў хадзіць на мітынгі ў Маскве даволі даўно. У Беларусі я ў падобных мерапрыемствах удзельнічаць цяпер не магу, бо рэдка бываю, але не магу спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў Расіі. Хадзіў на акцыі супраць несумленных выбараў, супраць вайны ва Украіне, а таксама цяпер у падтрымку тралейбусаў.

— А што не так у Маскве з тралейбусамі?

— У Маскве найбуйнейшая сетка тралейбусаў у свеце, а ў дадатак гэты горад не з самым чыстым паветрам. Дадатковыя аўтобусы дададуць яшчэ бруду. І мне не падабаецца, як адбываецца гэтая замена, бо мэрыя наўпрост на кожным кроку падманвае. Пачынае рэканструкцыю дарожнага палатна і абяцае, што неўзабаве тралейбусы вернуцца, а насамрэч мінае час, і тралейбусы замяняюць аўтобусамі. Гэта нічым не адрозніваецца ад падманаў на выбарах. Таму, вядома, у параўнанні з глабальнымі пытаннямі абарона тралейбуса выглядае дзіўнай, але я веру, што з малога пачынаецца і вялікае. Адзіны, хто выйграў тут — гэта «Белкамунмаш», які распрацаваў электробусы і спрабуе разгарнуцца на мясцовым рынку.

— Ці падобныя мітынгі да таго, што адбываецца ў Мінску?

— Так, тут усё падобнае да нас. І «касманаўты», і аўтазакі. Калі гэта пачалося некалькі гадоў таму, людзі хваляваліся, ці будуць біць і саджаць. Першая акцыя прайшла мірна, я, на жаль, не мог удзельнічаць з-за алімпіяды па лінгвістыцы. Яна прайшла без затрыманняў, і людзі былі ў эйфарыі. На жаль, я не быў у Беларусі на Плошчы ў 2006-м і 2010-м, але цікавіўся тым, што адбываецца. Калі нешта адбываецца без затрыманняў, людзі натхняюцца і падаецца, што ёсць надзея. І, вядома, калі тут праходзілі мітынгі, я пачуваўся дасведчаным мітынгоўцам. Калі, напрыклад, саджалі Навальнага, людзі выйшлі на несанкцыянаваны мітынг і ўразіліся, што могуць нешта зрабіць. Розніца мясцовых акцый ад беларускіх у тым, што ў Беларусі рэдка абывацелі выступаюць супраць мітынгоўцаў. А ў Расіі шмат людзей, якія лічаць, што на акцыі пратэсту ходзяць за «пячэнькі дзярждэпа». У Маскве часта збіраюцца простыя людзі, якія заступаюцца за ўлады, нават з кулакамі. Такога ў Мінску я не бачыў.






Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?