Пераважна жаночымі ў Беларусі з'яўляюцца такія віды дзейнасці, як ахова здароўя і сацыяльныя паслугі, адукацыя, паслугі па часовым пражыванні і харчаванні, фінансавая і страхавая дзейнасць. А самая папулярная жаночая прафесія — настаўнік, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

На пачатак 2016/2017 навучальнага года доля жанчын у агульнай колькасці настаўнікаў, як і сярод дырэктараў і іх намеснікаў, складала 86%. Сярод выкладчыкаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, таксама пераважаюць жанчыны — 7,6 тысяч чалавек (77% ад агульнай колькасці выкладчыкаў). Ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі, на выкладчыцкай рабоце працуюць каля 12 тысяч жанчын (55%), сярод іх 278 дактароў навук, больш за 4 тысячы кандыдатаў навук, 237 прафесараў і звыш за 3 тысячы дацэнтаў.

Узровень адукацыі беларускіх жанчын больш высокі, чым мужчын. Сярод працуючых жанчын 64% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, у той час як аналагічны паказчык сярод мужчын ніжэйшы (44,7%). На пачатак 2016/2017 навучальнага года колькасць навучэнцаў жанчын склала 744,9 тысяч (49,8% ад агульнай колькасці навучэнцаў). Пры гэтым ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі колькасць жанчын перавышае колькасць мужчын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0