Праблемы ў адносінах у Расіяй ўплываюць на ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных працэсах у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, які праходзіць у Бішкеку.
«Мы вымушаны канстатаваць, што сёння не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база (з Расіяй), якая была створана не ў адрыве, а як раз у цеснай узаемасувязі з шматбаковымі дамоўленасцямі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, — сказаў Андрэй Кабякоў. — Прычым праблемы ў двухбаковых адносінах фундаментальна ўплываюць на наш удзел у шматбаковых інтэграцыйных працэсах. Мы не падзяляем гэтыя два трэка — двухбаковы і шматбаковы - таму што праблемы ў двухбаковых адносінах ўплываюць скажона на еўразійскую інтэграцыю».
Прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь выказвае крайнюю заклапочанасць у сувязі з неўрэгуляванасцю з расейскім бокам праблем у нафтагазавай сферы, невыкананнем двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцей па ўмовах паставак энерганосьбітаў і бяздзейнасці на гэтым фоне еўразійскай эканамічнай камісіі.
«Беларусь пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў маі 2014 года звяртала ўвагу ў сваёй заяве, што будзе сумленна выконваць свае абавязацельствы ў рамках дагавора пры ўмове, што на двухбаковай і трохбаковай аснове будуць дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб зняцці бар'ераў, абмежаванняў і выключэнняў ў гандлі асобнымі відамі тавараў і аказанні асобных відаў паслуг, у першую чаргу ў дачыненні да энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцяў і іншых адчувальных пазіцый», — нагадаў прэм'ер-міністр.