Падчас сустрэчы ў Бішкеку ў рамках міжурадавага савета ЕАЭС прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі абмяняліся рэзкімі выказваннямі.

Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў.

Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў.

«Мы паставілі задачу рэалізаваць фундаментальнасць свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, якія з'яўляюцца базісам нашага эканамічнага саюза. Вымушаныя канстатаваць, што ствараюцца ўсё новыя перашкоды і бар'еры, — патлумачыў Андрэй Кабякоў. — Добра, хай будзе пакуль розніца ў коштах на газ. Мы дамовіліся пры падпісанні Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што яна будзе паступова ліквідаваная да 2025 года.

Але чаму гэтая розніца так рэзка расце — не на 1%, не на 5% і нават не на 10%? А розніца ў цэнах паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй вырасла з 38% у пачатку 2014 да 110% ў 2016 годзе.

Чаму пасля стварэння ЕАЭС, замест паступовага скарачэння, розніца стала амаль у тры разы вышэйшай? Якая свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы тут можа быць?»

Кабякоў нагадаў, што пры падпісанні дамовы аб ЕАЭС бакі дамовіліся аб асобных канфіскацыях, але пры гэтым дамовіліся і аб іх ліквідацыі ў самыя кароткія тэрміны. «Замест гэтага разнастайныя ўнутраныя перашкоды толькі нарастаюць, як снежны ком. Такая карціна назіралася і ў 2016 годзе, нягледзячы на абмеркаванне пытання на розных узроўнях. Колькасць перашкод ужо не падлічыць. Замест адных, якія спыняюць дзеянне, тут жа вырастаюць іншыя, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Эскалацыя абмежаванняў, нацыянальныя праграмы імпартазамяшчэння, у якіх тавары, зробленыя ў іншых краінах ЕАЭС, чамусьці аказваюцца чужароднымі».

«Пастаянна падымаючы праблему скасавання бар'ераў і абмежаванняў паміж краінамі ЕАЭС, мы натыкаемся на глухую сцяну, прасоўванне ў гэтай сферы ідзе не наперад, а назад», — канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што пачасціліся выпадкі, калі праблемы двухбаковых адносін пераносяцца на шматбаковую пляцоўку, што «з поспехам прадэманстраваў беларускі бок».

«У дачыненні да іншых членаў гэтая сітуацыя падобна да шантажу: «Ці вы паўплываеце, ці мы не падпішам», — абурыўся Мядзведзеў.

Толькі дзякуючы свайму ўдзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) некаторыя з краін маюць магчымасць купляць расійскі газ па льготных цэнах, заявіў ён, заклікаўшы кіраўнікоў урадаў Арменіі, Беларусі, Казахстана і Кыргызстана казаць пра гэта «проста, без хітрыкаў».

«Калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага саюза або, уявім сабе, выйшлі са складу саюза, яны куплялі б цяпер газ па еўрапейскіх цэнах — каля $200 за тысячу кубаметраў. Вось і ўсё. І не трэба нічога даказваць, практыкавацца ў падліках. Усё было б істотна, значна даражэй», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Расійскі прэм'ер-міністр заклікаў сваіх «калегаў» памятаць пра льготную цану на газ пры прыняцці рашэнняў, якія тармозяць або блакуюць працэс інтэграцыі ў ЕАЭС. 

«Тут ніхто нікога сілком не трымае», — падкрэсліў Мядзведзеў, адзначыўшы, што ўсе ўдзельнікі ЕАЭС ўвайшлі ў яго добраахвотна, атрымаўшы ў выніку «значныя льготы па энергетычным супрацоўніцтве» і нарасціўшы аб'ёмы экспарту на расійскі рынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0