У сеціве з'явіўся не вядомы раней шырака фотаздымак класіка нашай літаратуры.

1907 год. 25-гадовы Якуб Колас жартам танчыць з гэткім самым маладым хлопцам. 

Фота было апублікаванае ў кнізе ўнучкі паэта, Веры Данілаўны Міцкевіч «Якуб Колас. Пясняр зямлі і неба Беларусі».

А той невядомы на здымку трохі падобны знешне да Алеся Гаруна (ніжэй — некалькі яго здымкаў). 

У тым самым 1907-м 19-гадовы эсэр Алесь Гарун — Аляксандр Прушынскі — быў арыштаваны ў мінскай падпольнай друкарні

на вуліцы Шырокай (цяпер Куйбышава) за рэвалюцыйную дзейнасць. Калі ён чакаў суда ў турме, першы яго верш «Маці-Беларусі» быў апублікаваны ў «Нашай Ніве» (№ 28 за 1907 год).

Фота з Коласам зробленае ўзімку ці ранняй вясной — кусты без лісця, снег пад нагамі.

Ці мог Гарун перад арыштам наведаць Вільню, рэдакцыю НН, і выпадкам сустрэцца там з Якубам Коласам?

Якуб Колас стала пачне працаваць у «НН» з мая 1907-га, загадчыкам літаратурнага аддзела. Але ў маі Гарун ужо быў у турме — яго арыштавалі ў сакавіку. А праз год і сам Колас сядзе на тры гады за арганізацыю падпольнага настаўніцкага з'езда.

І ўсё ж застаецца каліва верагоднасці, што яшчэ да турмаў і адседак у рэдакцыі «першай беларускай газеты з рысункамі» ці дзесьці на віленскай або мінскай вуліцы спаткаліся два найвялікшыя аўтары «нашаніўскага прызыву». Яны яшчэ не ведаюць, што чакае іх і Беларусь наперадзе. Дурэюць, маладыя.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?