Шчырасць, сапраўднасць, простыя чалавечыя эмоцыі ў сваім чыстым абсалюце — любы наведвальнік канцэртаў Лявона Вольскага пацвердзіць, што менавіты гэтыя складнікі з’яўляюцца той разыначкай, што адрознівае выступы Лявона ад любых іншых і «падсажвае» на іх як сапраўдны наркотык. Напэўна, таму, хоць канцэрт 7 сакавіка быў трэцім з нізкі выступаў у мінскім бары Beer&Wine, квіткі на яго разышліся за 20 хвілін.

Ужо за гадзіну да пачатку ніжняя зала бара бурліла. Хутка гэты натоўп, разагрэты чаканнем, хлыне па лесвіцы ўверх, спяшаючыся заняць лепшыя месцы на танцпляцы. За пару хвілін да выступу ў памяшканне ўжо не праціснуцца.

«Тат, а калі выйдзе Лёва Волькі?» — дзёргае бацьку за рукаў малая дзяўчынка. «Ля-вон Воль-скі! — мужчына спрабуе схаваць усмешку. — Яшчэ крышачку, пачакай». Дзяўчына ў майцы з эмблемай Крамбамбулі спрачаецца з сяброўкай пра тое, ці выканае Лявон «Белую яблыню грому». «Куфаль піва, келіх віскі!» — смяецца пара за столікам, абіраючы замову.

Сённяшні канцэрт асаблівы не толькі ўдзелам бас-гітары і нават не толькі клавішамі, якія публіка апошні раз чула пяць месяцаў таму. Сэт-ліст да канцэрту стваралі самі слухачы: у кожнага была магчымасць даслаць назвы трох песен, якія б яны хацелі пачуць.

Дзесяць хвілін, дваццаць, сорак. Зала ўжо не можа чакаць. Ад пляскання і крыкаў закладае вушы. І вось, нарэшце: на сцэне з’яўляюцца Лявон Вольскі і яго нязменны басіст Алесь-Францішак Мышкевіч.

 «Гэта досыць смела — канцэрт па заяўках, — кажа Лявон са сцэны, — таму што ўсё будзе не так, як звычайна. Сёння будзе дзіўнавата, нязвыкла і крыху па-дурному». Але публіка сваёй рэакцыяй дэманструе, што яна зусім не супраць эксперыментаў. Канцэрт адкрываецца песняй на словы Петруся Броўкі «Пахне чабор».

Выступ быў сапраўды нязвыклым для сталых наведнікаў. Не толькі таму, што са сцэны гучалі песні, якіх даўно не было чутно, а яшчэ і таму, што іх чарговасць была прадыктаваная папулярнасцю сярод заявак. Такім чынам, экзістэнцыяльныя тэксты «Псіхасаматыкі» дзіўным чынам перамяжоўваліся з часам вясёлымі N.R.M.-аўскімі, надзённа-вострым «Грамадазнаўствам», задуменнай «Мрояй» і лірычнай «Белай яблыняй грому», зрэдку прыпраўляючыся песнямі з супольных музычных праектаў і рэпертуару «Крамбамбулі». Нязменным засталося толькі адно: канцэрт традыцыйна складаўся з дзвюх частак.

Першая была напоўненая нечаканасцямі. Упершыню ўжывую загучала песня «Без нас», якую Лявон напісаў два гады таму, прымаючы ўдзел у музычным праекце да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Безумоўна, авацыямі была сустрэта «Краіна крывавых даждоў». «Вось белы, чырвоны і белы, Як снег, і як кроў, і як снег…» — падпявала зала словы песні «Ніхто не хацеў паміраць», якая выконвалася толькі аднойчы ў 2014 годзе. Па-новаму загучала «Я, да жалю, не пан» з «Народнага Альбома». Завяршыла аддзяленне настальгічная «Цёплае мінулае».

На канцэртах Вольскага не хочацца адрываць вачэй ад выканаўцы. Лявон пасміхаецца, здзіўляецца, радуецца добраму выбару слухачоў, жартуе, узаемадзейнічае з публікай. Шырокая ўсмешка з’яўляецца на твары Вольскага, калі зала падхоплівае: «Дай божа!» падчас выканання «Худсавету» ці падпявае ў канон «Ламай сцэнар!».

Другая частка канцэрта апынулася значна больш кансерватыўнай. «Вы самі вінаватыя,» — жартуе Лявон.

Але сюрпрызаў шмат не бывае. Выканаўшы «Зямлю», музыка зазначае: «Раней было модна спяваць фальцэтам, і, можа, на знак добрай волі і эксклюзіўнага падыходу… - публіка замірае, бо пачынае разумець. — Выканаць гэта так, як гэта гучала ў далёкім 89-90 годзе?» І выкананне «Зямлі» завяршаецца тым самым вакальным перфомансам, які больш сталыя прыхільнікі памятаюць з канцэртаў канца ХХ стагоддзя, а моладзь — са старых запісаў «Мроі» ды «N.R.M.».

У тройку найбольш пажаданых трапілі «Маё каханне», «Белая яблыня грому» і «Менск і Мінск». Вядома, на гэтым канцэрт не мог скончыцца, і музыкаў яшчэ двойчы выклікалі на біс. Толькі пасля гэтага стомленыя, але шчаслівыя Лявон і Алесь здолелі вырвацца ад ашалелай публікі.

«Пакуль! Да наступнай сустрэчы!» — крычыць у мікрафон Вольскі. Хочацца спадзявацца, што гэтая сустрэча настане вельмі хутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?