У Беларусі па-ранейшаму немагчымая змена ўлады шляхам выбараў. Адсутнасць сістэмы стрыманняў і проціваг прыводзіць да злоўжывання яе прадстаўнікамі.

Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб выкананні правоў чалавека ў 2016 годзе, у прысвечаным Беларусі раздзеле. Дакумент падпісаны новым Дзяржсакратаром Рэксам Тылерсанам.

У дакуменце ўказваецца, што ў Беларусі да гэтага часу так і не расследавалі выпадкі знікнення палітычных апанентаў улады, а экс-палітвязні застаюцца абмежаванымі ў сваіх правах.

Сілавыя структуры перавышаюць паўнамоцтвы. Затрыманыя падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас следства і ў турмах, умовы ўтрымання ў якіх застаюцца дрэннымі.

Грамадзяне краіны церпяць пераслед і затрыманні за крытыку ўлады, за ўдзел у акцыях пратэсту.

Судовую сістэму краіны па-ранейшаму нельга назваць незалежнай.

Парушаюцца грамадзянскія правы і свабоды, у тым ліку свабоды слова, друку, сходаў, асацыяцый і рэлігіі.

Немагчымасць атрымаць афіцыйную рэгістрацыю пагражае палітычным партыям, праваабарончым і няўрадавым арганізацыям крымінальным пераследам.

У дакладзе таксама ўзгаданыя факты гвалту і дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, дзяцей, людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй; на парушэнне правоў асоб з абмежаванымі магчымасцямі; этнічных меншасцяў; асоб, якія жывуць з ВІЧ / СНІДам.

«Улады на ўсіх узроўнях дзейнічалі з поўнай беспакаранасцю і не ў стане прыняць меры для судовага пераследу або пакарання службовых асоб у дзяржаўных і сілавых структурах, якія здзейснілі парушэнні правоў чалавека», — гаворыцца ва ўступнай частцы да дакладу.

Раздзел, прысвечаны Беларусі, налічвае 56 старонак з пералікам фактаў парушэння правоў чалавека ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?