Мінгарвыканкам дазволіў правесці «Марш недармаедаў» у Мінску 15 сакавіка ад Акадэміі навук да пл. Бангалор. Арганізатары не хочуць ісці па гэтым маршруце, але плануюць сабрацца на дазволеным месцы каля кінатэатра «Кастрычнік» і вырашыць разам з людзьмі, куды ісці далей, піша tut.by.
Адным з заяўнікаў акцыі быў прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі, ён хадзіў сёння на перамовы ў Мінгарвыканкам.
«Мы заявілі, што зараз грамадска-палітычная сітуацыя патрабуе паходу ў цэнтр. Яны адмовіліся і сказалі, што на гэта яны дазволу не даюць».
Адзін з лідараў БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што апазіцыя прапанавала гарадскім уладам прадаставіць апаратуру і даць магчымасць кіраўніку Мінгарвыканкама Андрэю Шорцу пагутарыць з прысутнымі.
«Няхай бы пагаварылі з людзьмі разам з апазіцыяй. Яны гэтага не хочуць. А Шорац, я лічу, дзейнічае як правакатар. Ён выдатна разумее, што ні на які Бангалор людзі сёння не пойдуць, нават калі лідары апазіцыі іх туды паклічуць».
У выніку заяўнікі акцыі, сярод якіх ёсць прадстаўнікі партыі «Зялёных», БСДП (Грамада), БХД і АГП вырашылі паклікаць людзей на дазволенае месца збору — да кінатэатра «Кастрычнік» у 17:30 15 сакавіка. Рашэнне аб далейшым маршруце маршу будзе прынятае там.