Суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў былога галоўнага інжынера ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У яго канфіскуюць маёмасць і пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў. Пракурор падчас судовых спрэчак прасіў галоўнаму фігуранту прызначыць пакаранне ў выглядзе дзесяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Па справе таксама праходзяць начальнік канструктарскага бюро і намеснік начальніка інструментальна-штампавага ўпраўлення па вытворчасці. Першы асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. Другі прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Абодвух пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў. Падчас судовых спрэчак пракурор прасіў для іх аналагічнае пакаранне.

Былыя службовыя асобы МЗКЦ абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Падчас следства ўстаноўлена, што ў 2011-2015 гадах галоўны інжынер, начальнік канструктарскага бюро і намеснік начальніка інструментальна-штампавага ўпраўлення па вытворчасці, выключна ў сувязі з займаемым імі службовым становішчам, атрымлівалі ад прадстаўнікоў суб'екта гаспадарання ў якасці хабару грашовыя сродкі за садзейнічанне ў ажыццяўленні паставак на завод рэжучага і дапаможнага інструмента.

Усяго следствам устаноўлена 80 эпізодаў атрымання хабару абвінавачанымі. Галоўнаму інжынеру інкрымінуецца атрыманне больш як Br180 тыс., начальніку канструктарскага бюро - Br14,6 тыс. Намеснік начальніка інструментальна-штампавага ўпраўлення па вытворчасці абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў памеры $1 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?