posterРозыгрыш
Расея, 2008, каляровы, 84 хв.
Рэжысэр: Андрэй Кудзіненка
Ролі выконваюць: Яўген Дзьмітрыеў, Іван Аляксееў, Дзьмітры Харацьян, Ірына Купчанка, Юры Кузьняцоў, Дзьмітры Дзюжаў, Еўдакія Германава, Клаўдзія Коршунава, Яна Есіповіч, Марыя Горбань
Жанр: Школьная драма паводле сцэнару Аляксандра Качана, паўтор аднайменнай стужкі 1976 году
Адзнака: 5,5 (з 10)

Пад выпускныя іспыты школьнікаў адбылася расейская прэм’ера апошняй стужкі Андрэя Кудзіненкі. “Розыгрыш” – паўтор аднайменнай драмы 1976 году, пастаўленай паводле сцэнару Сямёнам Лунгіна. Ягоны сын Павал Лунгін запрасіў на сваю студыю беларускага рэжысэра зрабіць сучасны варыянт фільму.

Згодна зь сёньняшнім днём, сын алігарха Камароў, пакрыўдзіўшыся на настаўніцу ангельскай мовы, вырашае жорстка разыграць яе. Плесьці інтрыгі яму замінае навічок Глушко, які складае музыку й адцясьняе Камарова зь месца нефармальнага лідэра.

Прадусар Лунгін жорстка кантраляваў стужку – і ў фільме прачытваецца прыхаваны канфлікт замоўцы і рэжысэра. Як настаўнікі змагаліся з вучнямі – так стары рэжысэр прапаноўваў маладому свой сьветапогляд.

Перамагла старасьць, але вынік атрымаўся вельмі неадназначным.

На ролю навічка прадусар паставіў папулярнага ў Расеі рэпера Івана Аляксеева. Ягоныя акторскія здольнасьці саступаюць музычным, і стваральнікі стужкі былі вымушаныя зрабіць галоўным героем адмоўнага пэрсанажа. Гэта зьбіла ўсю маральную сыстэму каардынат – і паставіла перад рэжысэрам і акторамі невырашальную задачу.

Апавяданьне ад імя адмоўнага героя чапляе, калі зроблена ў традыцыях рамантызму, альбо Дастаеўскага. Але голас Камарова (яго грае малады беларускі актор Яўген Дзьмітрыеў) – таталітарна-глямурны. Гэта голас капрызнага і помсьлівага эгаіста, які ня мае сумневаў. (Дарэчы, у першапачатковым сцэнары Аляксандра Качана ніякага закадравага тэксту не было.)

У выніку фільм распадаецца не некалькі слаёў.

Ёсьць пранізьліва-сьвежыя кадры, калі станоўчы герой грае музыку й глушыць гарэлку. Закаханыя бягуць па начным горадзе і ўганяюць тралейбус. Блішчыць асфальт. Над горадам стаіць тлум і сьпёка.

Ёсьць карэктна-тыпажныя дарослыя пэрсанажы (усё, як у жыцьці!). Прынцыповая загадчыца (Ірына Купчанка), рохля дырэктар (Юры Кузьняцоў), глупавата-нахабны фізкультурнік (Дзьмітры Дзюжаў). А Дзьмітры Харацьян – алігарх, і Еўдакія Германава – матуля, звар’яцелая на Рэрыху, прыйшлі ў фільм з папярэдняга “Розыгрышу”, дзе яны гралі галоўныя дзіцячыя ролі.

І, нарэшце, ёсьць маскоўскі глямур дыскатэкаў і боўлінгаў, калі рэжысэр зьвязаны па рукам і нагам. Так што стужка вагаецца паміж пякучай школьнай драмай і глямурнай прэзэнтацыяй.

Станоўчыя героі перамагаюць, але галоўны нягоднік – усё роўна на кані. Міласэрнасьць можна зблытаць з капітуляцыяй. Цынізм асуджаецца, але выглядае нормай.

Быццам зьлякаўшыся такіх непажаданых высноваў, Кудзіненка паставіў у фінале зьдзеклівую цытату – падарунак дарагому прадусару. П’яны фізкультурнік Дзюжаў сьпявае вядомую песьню з папярэдняга “Розыгрышу” – пра сыход са школьнага двара. У апошнім танцы кружацца выпускнікі. Новае юнацтва ідзе па жыцьці.

Карціна выклікала захапленьне, спрэчкі, абвінавачаньні.

Для “Беларусьфільму” маскоўская стужка Кудзіненкі – недасягальная вышыня, але для творцы “Акупацыі” – гэта замала.

Як бы там не было – фільм мае добрую касу, цёплыя водгукі школьнікаў і глядзіцца зь цікавасьцю.

На Н’ю-Ёрскім фэсьце, які мусіць адбыцца ўвосень, фільм Кудзенкі будзе прадстаўлены, як адзін з узораў сучаснага расейскага кіно. Майстэрства беларускага рэжысэра ў Расеі запатрабаванае.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?