Апоўначы 11 сакавіка бабруйскія міліцыянты затрымалі кінарэжысэра Максіма Буйніцкага. Пра гэта ён пасьпеў паведаміць у сваім фэйсбуку: «Затрымалі на вул. Лынькова. Вязуць у Першамайскі аддзел міліцыі».

Максім Буйніцкі ўдзельнічаў у мітынгу «недармаедаў» 26 лютага, перад тым перапошчваў афішы да мітынгу. Цераз гэта меркаваўся міліцыянтамі як адзін з арганізатараў, меў позву на 12 сакавіка, якраз на дзень наступнага мітынгу.

У РАУС Першамайскага раёна Бабруйска Свабодзе пацьвердзілі, што Максім Буйніцкі знаходзіцца ў іх. Па словах дзяжурнага, ён быў затрыманы за дробнае хуліганства. Буйніцкага будуць судзіць за парушэньне артыкулу 17.1 КаАП. Гэта значыць, за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, абразьлівае прыставаньне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак. Суд абудзецца пасьля выходных.

Пазьней зьявілася інфармацыя, што акрамя Буйніцкага ў Бабруйску ўначы былі затрыманыя прынамсі тры чалавекі: Аляксей Раманаў, Максім Лубінскі й Вольга Аўдзейчык.

Максім Лубінскі а трэцяй гадзіне начы датэлефанаваўся да актывісткі АГП Галіны Сьмірновай і паведаміў пра затрыманьне яго і Вольгі Аўдзейчык. Аднак у Першамайскім РАУС пацьвердзіць гэтыя затрыманьні адмовіліся.

«Інфармацыя дадзеная разгалошваньню не падлягае, зьяўляецца службовай», — сказалі ў РАУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?