Асноўнаю тэмаю галоўнай прапагандысцкай праграмы БТ «Главный эфир» у нядзелю стаў дэкрэт № 3.Таксама была паказаная відэацытата Зянона Пазьняка, які гаварыў пра правакацыі на акцыі 25 сакавіка ў Менску. За кадрам прагучалі словы вядучага пра заклік палітыка не ісьці на дэманстрацыю.

У камэнтары для Радыё Свабода ён абвергнуў словы БТ:

«Характэрнасьцю гэтай хамскай антынароднай улады ў Беларусі і яе халуйскай абслугі ёсьць прадажнасьць і хлусьня. Яны ўжо 22 з паловаю гады ілгуць народу і ўсяму сьвету. Няўжо яшчэ ёсьць людзі, якія вераць іхняму тэлебачаньню?!»

Пазьняк падтрымаў таксама акцыі ў беларускіх гарадах супраць «падатку на дармаедзтва»:

«Беларусы выйшлі на вуліцы й плошчы з пратэстам, таму што іх зьняважылі абразьлівым, паскудным словам «дармаеды» і хочуць садраць грошы з беспрацоўных. Тым, хто сумняваўся ў людзях, паглядзіце цяпер, які гэта прыгожы, адкрыты і разумны народ, як дакладна людзі фармулююць свае думкі і пратэсты, якая трапная лексіка бяз грубых словаў і зьняваг, якое вострае абурэньне! Але людзі не жывуць нянавісьцю, перажываюць за родную Беларусь, як жанчына ў Бабруйску, якая плакала за будучыню краіны».

Палітык бачыць у вулічных пратэстах адзіную магчымасьць для людзей абмяняцца думкамі і адчуць сябе моцным народам:

«Трэба пратэставаць, выходзіць на плошчы. Але нельга дапусьціць, каб нашых даверлівых людзей у чарговы раз ашукалі правакатары ды падставілі пад удар бандытаў, якія захапілі ўладу. Таму дзьве парады: быць уважлівымі, не паддавацца на правакацыі непатрэбных учынкаў. І другое: самаарганізоўвацца ў групы працоўных беларусаў і супраціўляцца антынацыянальнай палітыцы ўлады. Толькі арганізаваны народ ёсьць сіла. Мэтай змаганьня хай будзе вольная Беларусь. Гэта наша краіна, гэта наша зямля. І трэцяя парада: ня верце Лукашэнку і яго ілжываму тэлебачаньню, ні менскаму, ні, тым больш, маскоўскаму. Верце свайму сумленьню», — заявіў Зянон Пазьняк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0