Затрыманую 12 сакавіка за гадзіну да пачатку бабруйскага мітынгу Галіну Сьмірнову выпусьцілі ўвечары, выдаўшы позву на 15-га.

Кіраўніцу суполкі прафсаюзу РЭП затрымалі ўчора на выхадзе з дому аб 11-й гадзіне, забралі тэлефон, які потым вярнулі пашкоджаным, і завезьлі ў пастарунак на ўскрайку гораду. Допыт пачалі толькі каля 13-й гадзіны, вёў яго падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які асабіста займаецца актывістамі дэмакратычных сілаў. У якасьці абаронцы інтарэсаў Галіны выступаў ейны муж.

На ўсе пытаньні, апроч свайго імя, Галіна Сьмірнова адказваць адмовілася, заяўляла пра сваё незаконнае ўтрыманьне.

— Пыталі, ці падавала я заяўку на мерапрыемства, хоць гэты факт даўно і афіцыйна ўсім вядомы. Ці ведала, што плошча Перамогі ня вызначаная месцам для падобных сходаў. Ды няўцямнае «Навошта вы прымушалі моладзь?»

І так трымалі бязь ежы і вады да 19 гадзін, калі выпусьцілі без абвінавачваньняў ды выпісалі позву зьявіцца для працягу апытаньня 15 сакавіка а 17-й.

— Мне казалі многія, што дзеля бясьпекі лепш схавацца, пайсьці з гораду, — кажа спадарыня Галіна. — Ну не змагла я сысьці, брыдка мне. Чаму мы мусім кудысьці сыходзіць ці наогул зьяжджаць са сваёй краіны?

А раніцай 13 сакавіка на шляху на працу затрымалі ўдзельніка ўчорашняга мітынгу Юрася Грынявецкага. Сёньня ж чакаюцца суды над затрыманымі ў ноч на 11 сакавіка Максімам Буйніцкім, Аляксеем Раманавым, Вольгай Аўдзейчык ды Максімам Лубінскім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?