Народны сход з патрабаваннем эканамічных рэформаў пройдзе 19 сакавіка (нядзеля) ў Слоніме, пра гэта сказана ў заяве, распаўсюджанай сёння ад Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, у якой прымаюць удзел і мясцовыя актывісты руху «За Свабоду», паведамляе прэс-служба руху.

Аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што за апошнія гады ў горадзе закрыліся шэраг прадпрыемстваў аўтарэмзавод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгазтэхніка» і інш., іншыя прадпрыемствы пайшлі на заўважнае скарачэнне супрацоўнікаў: «бізнэс дэградуе, не развіваецца, а адкрыць у наш час ІП — гэта загадзя выракчы сабе на банкруцтва».

«За 20 год у Слоніме не пабудавалі ніводнага новага прадпрыемства. Затое пабудавалі пракуратуру, міліцыю, суд, біржу працы, крамы», — нагадалі аўтары заявы.

Па іх словах, «работы няма, заробкі малыя, а цэны стала растуць, пры гэтым улады ўводзяць усё новыя і новыя падаткі».

Прадстаўнікі слонімскай дэмакратычнай кааліцыі прапануюць сабрацца і абмеркаваць, як і за якія сродкі жыць у Слоніме далей.

«Мы спадзяемся, што на сход прыйдзе шмат слонімцаў. Бо эканамічная сітуацыя увесь час пагаршаецца, з працай праблема, заробкі невялікія, кошты ўвесь час растуць, людзі не ведаюць як далей выжываць. А тут яшчэ гэты абсурдны дэкрэт увялі пра «дармаедаў»», — сказаў сайту Pyx.by прадстаўнік арганізатараў.

Па ягоных словах, апошнім часам усё больш слонімцаў пытаецца, калі будзе акцыя ў Слоніме. «Усім ужо надакучыла слухаць хлусню ад уладаў, людзі хочуць выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. Таму ў нядзелю, 19 сакавіка, кожны жадаючы атрымае такую магчымасць», — заключыў прадстаўнік кааліцыі дэмсілаў Слоніма.



Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру