Жахлівай гісторыяй падзяліўся з сябрамі пісьменнік Саша Філіпенка, які цяпер жыве ў Расіі.

«Толькі што да маёй бабулі ў Мінску патэлефанавалі ў дзверы. Увайшлі, сказалі, што я збіў чалавека. Хтосьці маім голасам па тэлефоне папрасіў грошы. Бабуля аддала ўсё, што капіла ўсё жыццё. Хочацца перадаць вялікае прывітанне істотам, якія гэта зрабілі», — напісаў у фэйсбуку Саша.

Саша Філіпенка, фота з фэйсбуку.

Саша Філіпенка, фота з фэйсбуку.

Бабулі пісьменніка 83 гады, і яна жыве адна. Пісьменнік мяркуе, што выбар на бабулю трапіў не выпадкова, бо яна жыве ў ягонай кватэры.

«Ёй патэлефанавалі ў дзверы. Яна адкрыла. Чалавек, які прадставіўся Алегам, сказаў, што я на машыне збіў насмерць чалавека. Прадставіўся, што ён з органаў і што мне дадуць пяць гадоў. Прапанавалі патэлефанаваць мне. Пазванілі на нейкі нумар, там хтосьці маім голасам пачаў папракаць бабулю, што яна не дае грошы. Гэта значыць, такі ціск з усіх бакоў. Бабуля кепска бачыць, перахвалявалася і аддала ўсе грошы, якія збірала ўсё жыццё», — патлумачыў «Нашай Ніве» Саша Філіпенка.

Міліцыя высвятляе абставіны здарэння.

Саша Філіпенка нарадзіўся ў Мінску ў 1984 годзе. Скончыў ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка і паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Пасля закрыцця ў Мінску ЕГУ пераехаў у Расію, у Санкт-Пецярбург, дзе скончыў філалагічны факультэт СПБГУ, магістратуру. Атрымаў дыплом «Бард Каледжа» ў Нью-Ёрку. Працаваў сцэнарыстам на расейскім тэлебачанні, быў вядучым тэлеканалу «Дождж». Лаўрэат «Рускай прэміі» 2014 году, аўтар раманаў «Былы сын», «Задумы», «Цкаванне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?