Таццяна Севярынец на акцыі 26 лютага, фота Ірыны Арахоўскай
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 сакавіка разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да рэгіянальнага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Тацьцяны Севярынец. Яе абвінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).
Пратакол на Тацяну Севярынец склалі 26 лютага - жанчыну затрымалі неўзабаве пасля «Марша недармаедаў» на выхадзе з крамы недалёка ад яе дома.
Па розных ацэнках, у той дзень у цэнтр Віцебска выйшлі ад 1,5 да 2 тысяч чалавек, якія выступаюць супраць падатку на дармаедства. Удзельнікі несанкцыянаванай акцыі сабраліся на плошчы Перамогі, а потым прайшлі калонай праз увесь горад да плошчы Леніна. Гэта была першы настолькі маштабны пратэст у Віцебску ў гісторыі суверэннай Беларусі.
Пачатак судовага паседжання па справе Таццяны Севярынец - у 9.20. Разглядаць яго будзе суддзя Алена Жарыкава.