«Чаму ў Дубоўкі няма пратэсту, а ёсьць толькі жаль?

У мужчыны гэта нецікава», - пісала Ларыса Геніюш сябру Міколу Прашковічу 26 сакавіка 1965 г. Ларыса Антонаўна не магла ведаць «пратэстных» вершаў Уладзімера Мікалаевіча, бо ляжалі яны ў патаемных шуфлядах.

Прыведзены ніжэй паказаў мне ў свой час Максім Лужанін, назваўшы імя адрасата: Пятрусь Броўка. 

У рамане «Дзень Сьвятога Патрыка» Ганны Севярынец верш адрасаваны Кандрату Крапіве. А дасьледчык Дзьмітры Давыдоўскі, спасылаючыся на ўспаміны Дубоўкавай жонкі, сьцьвярджае: верш адрасаваны… Лужаніну.

Будзем спадзявацца, што ў каментарах да Двухтомавіка Дубоўкі, на які гэтымі днямі заканчваецца падпіска, усе кропкі над ï будуць урэшце расстаўленыя.

І ўсё ж - хто? Броўка? Крапіва? Лужанін?

Падобны з твару да машчэй,
А па душы даўно нябожчык,
Ты жыў яшчэ, стары кашчэй,
Усё мінаеш хату з дошчак.

Жывеш і сохнеш - мільянер!
Адхватчык прэміяў і лаўраў,
Абы накалупаўся верш,
Адразу ладзіш гром літаўраў.

А шмат каго папрыбіраў,
Каб на шляху не заміналі,
I выйшаў суха з мокрых спраў
Ды выстукаў яшчэ медалі.

Ты страціў бы і зрок, і слых,
Калі б судзіць цябе зьявіцца
Маглі Сымон Баранавых,
Макар Шалай, Сымон Куніцкі.

Іх без віны і без пары
Бяда зьмяла ў апошні вырай.
Ці не дарма твае сябры
Былі з табой занадта шчыра?

Ты думаеш, згубіўся знак,
Забыты словы, сьцёрты крокі,
I час мінуў, і сьведак брак? -
А я, а Бог, а сьвет шырокі?

Знацьця ў людзей не адбярэш,
Як ты ні ўпраўны на расправы,
Ды захлынешся ў рэшце рэшт
Сваёю славаю крывавай.

Правін не зьмесьціш на гарбе,
На шыю зьві сабе вяроўку.
Без прывітаньня да цябе,
З труны - Уладзімір Дубоўка.

Р. S.

Чаму з труны? Апаскі менш.
Хачу крыху пажыць сягоньня,
А то да часу ў жвір сапхнеш,
Як гэты верш цябе дагоніць.
Калі ж адвееш ты, як дым,
Мой запавет наконт вяроўкі,-
Сьвет зьдзейсьніць сам, сьвет мае чым…
Клянуся барадой Дубоўкі.

* * *

Чытайце таксама:

Зміцер Бартосік. Згубленыя лісты

Ганна Севярынец. Мае хлопцы. Апавяданне 

Стась Карпаў: Дубоўка. Сюжэт

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?