Невядомы ў Мінску ашуканскім шляхам спрабаваў завалодаць грашыма пажылых людзей і дзяцей, паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама.

У Мінску 13 сакавіка аператарамі службы «102» ГУУС Мінгарвыканкама былі зафіксаваныя выпадкі завалодання грошай ашуканскім шляхам чалавекам, які, прадстаўляючыся супрацоўнікам ДАІ або следчым, тэлефанаваў мінчанам і паведамляў, што ў іх сваякоў узніклі праблемы, для спрыяльнага вырашэння якіх яму неабходна перадаць пэўную суму грошай.

Як распавяла начальнік службы міліцыі «102» Наталля Кудраўцава, у адным з выпадкаў званок паступіў дзіцяці 8 гадоў.

Чалавек прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, сказаў, што бацька дзіцяці збіў мужчыну, якому цяпер на лячэнне патрэбныя грошы. Пасля гэтага званка каля акна дома, дзе пражывае дзіця, стаяў хлопец і чакаў, пакуль той скіне яму грошы. Аднак дадому своечасова вярнулася мама, чаканых грошай зламыснік не дачакаўся і ўцёк. Даведаўшыся пра здарэнне, жанчына звярнулася ў міліцыю.

У іншым выпадку пацярпела пажылая жанчына. Ёй патэлефанаваў нібыта супрацоўнік міліцыі, і сказаў, што яе ўнук трапіў у ДТЗ. Для станоўчага вырашэння пытання патрэбныя грошы, за якімі абяцалі пад'ехаць дадому. На шчасце, і ў гэты раз план зламысніка праваліўся — яго напалохаў унук, які вярнуўся ў час дадому. Даведаўшыся ад бабулі пра званок невядомага чалавека, хлопец паведаміў у міліцыю.

Для наступнай сваёй ахвяры, таксама пажылой жанчыны, зламыснік прыдумаў, што яе ўнука збіла машына. Вырашэнне пытання каштуе тысячу рублёў. За грашыма прыехалі проста дадому. Яшчэ адзін падобны факт адбыўся з жанчынай, якая пражывае па праспекце Незалежнасці. Ёй патэлефанаваў нібыта следчы з Санкт-Пецярбурга, які паведаміў пра некаторыя праблемы ва ўнука. Каб дапамагчы свайму сваяку, бабуля перадала зламысніку $ 10 тыс.

Міліцыя заклікае грамадзян не давяраць падобным паведамленням, а адразу правяраць інфармацыю ў сваіх родных, знаёмых.

«Званкі паступалі пажылым людзям і дзецям - самай даверлівай катэгорыі грамадзян. Калі вам патэлефанаваў невядомы чалавек і пад рознымі сумніўнымі падставамі просіць грошай, паведамляйце адразу пра гэта ў міліцыю. Папярэдзьце пажылых бацькоў і дзяцей, каб яны не давяралі незнаёмым людзям, не ўступалі з імі у дыялог, якімі б пераканаўчымі тыя ні былі», - сказала Наталля Кудраўцава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0