Пятрусь Броўка.
На публікацыю верша-праклёна Уладзіміра Дубоўкі адгукнуўся гісторык Анатоль Сідарэвіч. Ён выказвае меркаванне, для каго верш мог быць напісаны.
«Як на маю думку, гэта Броўка, — лічыць Анатоль Сідарэвіч. —
Жывеш і сохнеш - мільянер!
Адхватчык прэміяў і лаўраў.
Абы накалупаўся верш,
Адразу ладзіш гром літаўраў.
Хто пісаў вершы? Не Крапіва. Лужанін і Броўка. Крапіва пісаў байкі, але па вайне рэдка.
Адхватчык прэміяў і лаўраў — не Лужанін. У Броўкі і Сталінская, і Ленінская, і Купалаўская, і Дзяржпрэміі БССР (не адна).
Адразу ладзіш гром літаўраў.
О, гэта Пятро Усцінавіч любіў — славаслоўе на свой адрас. Алесь Адамовіч, які не ацаніў ягоны раман «Калі зліваюцца рэкі», мусіў абараняць доктарскую ў Кіеве, а ў кнігу пра беларускі раман мусіў уставіць радкі пра тыя «рэкі», бо кніга не выйшла б. Не выйшла б і кніга Рыгора Бярозкіна «Спадарожніца часу», калі б Рыгор Саламонавіч не ўставіў у яе артыкул пра Броўку.
Ты страціў бы і зрок, і слых,
Калі б судзіць цябе зьявіцца
Маглі Сымон Баранавых,
Макар Шалай, Сымон Куніцкі.
Названыя ў гэтай страфе аўтары не ўваходзілі ў бліжэйшае кола ўзвышаўцаў Крапівы і Лужаніна.
Уладзімір Дубоўка.
Правін не зьмесьціш на гарбе,
На шыю зьві сабе вяроўку.
Без прывітаньня да цябе,
З труны - Уладзімір Дубоўка.
Заўважылі метрычны збой? Апошні радок «не ў склад, не ў лад». А таму, што там просіцца імя УладзімЕр, а не УладзІмір.
Дубоўка менаваўся па-старому, а не па-наркамаўску.
Дарэчы, падобны збой я заўважыў прынамсі ў адным вершы Алеся Салаўя, пераніцаваным з тарашкевіцы на наркамаўку».
* * *
Глядзіце таксама:





