17—19 сакавіка ў кінатэатры «Масква» пройдуць паказы анімацыйнага фільма «Таямніца Келза», агучанага на беларускую мову. Гэта цудоўны спосаб адсвяткаваць дзень святога Патрыка і адчуць сапраўдны дух Ірландыі ў Мінску. 

Мультфільм распавядае казачную гісторыю, заснаваную на падзеях ІХ стагоддзя ў Ірландыі. Галоўны герой, хлопчык Брэндан, жыве ў абацтве Келз. Неўзабаве ў абацтва прыбывае славуты асветнік Эйдан з таямнічай кнігай… У далейшых прыгодах будуць удзельнічаць не толькі яны, але і чароўная дзяўчынка Ашлінг з лесу, і кот Пангурбан.

Крытыкі па ўсім свеце з захапленнем сустрэлі «Таямніцу Келза». Стужка адзначана шэрагам узнагарод і намінаваная на «самы лепшы анімацыйны фільм» прэміі Оскар.

Дзякуючы найпрыгажэйшай графіцы, якую аглядальнік afisha.ru назваў «шэдэўрам дэкаратыўнай анімацыі», а таксама цікаваму і глыбокаму сюжэту, фільм спадабаецца як дзецям, так і дарослым.

Фільм агучаны на беларускую мову ў межах праекта «Беларускія ўікэнды»

пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. Частка агучаных у межах праекта фільмаў будзе даступная на сервісе інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання «Атлант Тэлекам». 

У агучцы ўдзельнічалі вядомыя акцёры: Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Святлана Цімохіна, Уладзімер Глотаў, Зміцер Саладуха.

Прэм’ера мультфільма адбудзецца 17 сакавіка а 19:00 у кінатэатры «Масква» (праспект Пераможцаў, 13).

Наступныя паказы адбудуцца 18 і 19 сакавіка а 17:00 таксама ў кінатэатры «Масква».

Падрабязнасці на сайце kinakong.by,

білеты ў касах кінатэатра і на bycard.by.

Даведкі па т.: (29) 5543459 (Андрэй).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0