Кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Сяргей Князеў распавёў, чаму да гэтага часу не раскрытае забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета, а таксама раскрыў некаторыя падрабязнасці расследавання, піша tut.by.
Князеў заявіў, што забойства журналіста да гэтага часу не раскрытае, таму што злачынства здзейснілі людзі, «якія вельмі старанна да яго падрыхтаваліся і максімальна зменшылі колькасць сваіх памылак».
На пытанне журналіста DW, чаму ж праваахоўнікі не могуць знайсці забойцаў журналіста, калі гэтых людзей знялі відэакамеры, Князеў не змог даць выразнага адказу.
«Так. Яны ёсць на відэазапісах, якія мы сабралі ў першыя тры дні пасля забойства. Увесь гэты час мы вывучалі запісы, праверылі вялікую колькасць інфармацыі. Вынікі паказалі ў лютым. Паверце, над расследаваннем гэтай справы працуе вялікая колькасць людзей у паліцыі. Паралельна працуе і цесна супрацоўнічае з намі яшчэ і цэлы дэпартамент СБУ. Аднак увесь негатыў — гэта дастаецца нам», — адзначае ён.
Па словах Князева, паліцыя сярод іншых версій разглядае і дачыненне да забойства байцоў Нацгвардыі. Паводле судовых матэрыялаў, паліцыянты прасілі доступ да тэлефонных званкоў, здзейсненых з месца размяшчэння базы палка «Азоў».
Кіраўнік Нацпаліцыі заявіў, што інфармацыю прыходзіцца збіраць па драбнюткіх дэталях.
«А ёсць яшчэ версія забойства не на 100 працэнтаў крымінальная — у ёй даводзіцца збіраць інфармацыю па крупінках».
У лютым гэтага года кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што ў забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета прасочваецца «рука Крамля». Не адкідваў ён і імавернасць «беларускага следу».
Тым часам украінскія калегі Шарамета не ўпэўненыя, што праваахоўныя органы раскрыюць злачынства, і праводзяць уласнае расследаванне яго гібелі.





