Беларусь вылучыла кандыдатам на пасаду генеральнага сакратара АБСЕ пастаяннага прадстаўніка нашай краіны пры АБСЕ, пасла Беларусі ў Аўстрыі Алену Купчыну, паведамляе прэс-служба МЗС.

«Гэтае рашэнне прадыктаванае шчырым імкненнем Беларусі ўнесці ўклад ва ўмацаванне АБСЕ ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц. У сітуацыі вострых рэгіянальных канфліктаў, росту супярэчнасцяў паміж сусветнымі гульцамі, роля Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе зноў вельмі важная», — заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Ён адзначыў, што Купчына, якая доўгі час займала пасаду намесніка міністра замежных спраў Беларусі, брала непасрэдны ўдзел у рэалізацыі знешнепалітычнай лініі краіны, накіраванай на ўмацаванне бяспекі і стабільнасці ў Еўропе, наладжванне дыялогу паміж Усходам і Захадам, урэгуляванне вострых крызісных сітуацый у рэгіёне.

«Лічым, што яе веды, шматгадовы дыпламатычны досвед і шырокія міжнародныя кантакты будуць карысныя для павышэння эфектыўнасці АБСЕ, рашэння няпростых задач, якія стаяць перад арганізацыяй, у тым ліку найбольш важнай і складанай — пераадоленне крызісу даверу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі», — заявілі ў ведамстве.

Паўнамоцтвы дзейнага генеральнага сакратара АБСЕ італьянца Ламберта Дзаньера заканчваюцца 30 чэрвеня гэтага года. Працэдура абрання новага генеральнага сакратара толькі пачалася: 14 сакавіка ў Вене прайшлі першыя слуханні, у ходзе якіх прэтэндэнты прадставілі пастаянным прадстаўнікам дзяржаў-удзельніц свае прыярытэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0