Абвешчаны назвы 11 беларускіх музычных дыскаў 2016 года, якія паспрачаюцца за ўзнагароды Experty.by па галасах беларускіх і замежных музычных крытыкаў. Цырымонія ўручэння адбудзецца 22 сакавіка пры падтрымцы праекта Maksivision.

У гэтым годзе ў журы прэміі 15 беларускіх і 5 замежных музычных крытыкаў з суседніх краін: Андрэй Бухарын (Rolling Stone, Расія), Міхал Вячорэк (Gazeta Magnetofonowa, Польшча), Міла Краўчук (Karabas.Live, Украіна), Валдас Лапета (Ghost Note, Літва) і Хенрыкс Эліас Зэгнэрс (Delfi.lv, Tvnet.lv, Satori.lv; Латвія). Анкеты ўсіх сяброў журы будуць апублікаваныя пасля цырымоніі.

— Штатныя эксперты паслухалі каля 150 выдадзеных у 2016 годзе беларускіх альбомаў, 29 з іх былі адрэцэнзаваныя і разгледжаныя ў межах узнагарод, — распавядае Зміцер Безкаравайны, кіраўнік праекта Experty.by. — Агульная карцінка атрымалася пярэстай і непадобнай на іншыя гады. Напрыклад сярод намінантаў даўно не было столькі праектаў з жаночым вакалам. З іншага боку, па-за межамі спісу апынуліся моцныя працы Akute, Re1ikt, Змітра Вайцюшкевіча, «Стары Ольса», Сяргея Пукста і іншых артыстаў — гэта добры паказчык канкурэнцыі.

Каб прцягнуць увагу да ўсіх намінантаў, арганізатары абвяшчаюць іх адзіным спісам, без прывязкі да канкрэтных катэгорыяў. Пазнаёміцца з намінантамі можна ў межах адмысловай складанкі.

Складанка намінантаў

Пераможца галоўнай намінацыі «Альбом года» атрымае ў якасці прыза рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад партнёра ўзнагарод — мультымедыйнага праекта Maksivision. Выступ мае адбыцца да 1 чэрвеня 2017 году. У мінулыя гады аналагічныя ўзнагароды атрымалі Shuma (2016), Port Mone (2015), Pukstband (2014), дзякуючы чаму яны правялі свае найбуйнейшыя канцэрты ў Мінску.

У межах цырымоніі будуць названыя пераможцы ў 11 намінацыях, у тым ліку: «Альбом года», «Лепшы беларускамоўны альбом», «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы рок-альбом, «Лепшы поп-альбом», «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы ідзі-поп/электронны альбом». Пазнаёміцца з рэгламентам узнагарод і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by.

Спіс намінантаў (у алфавітным парадку):

Восьмыдзень «Жнівень» — слухаць
Лявон Вольскі «Псіхасаматыка» — слухаць
Макс Корж «Малый повзрослел, ч.1» — слухаць
Петля пристрастия «Мода и облака» — слухаць
Ayva «Точно» — слухаць
Ilo & Friends «Кола» — слухаць
IOWA «Import» — слухаць
Mustelide «Spi» — слухаць
Nebulae Come Sweet «It’s Not The Night That Covers You» — слухаць
Shuma «Сонца» — слухаць
Witness Temple «Suckcessful» — слухаць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0