Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заклікае не выкарыстоўваць у палітычных мэтах «нешматлікія акцыі, што праходзяць у Беларусі». Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў.

Акцыя ў Маладзечне 10 сакавіка, фота Настассі Роўды

Акцыя ў Маладзечне 10 сакавіка, фота Настассі Роўды

«Што тычыцца канкрэтных затрыманняў, там трэба паглядзець на ўдзельнікаў гэтых маніфестацый і вызначыць, хто ў іх удзельнічаў, — ці тыя асобы, хто непасрэдна быў падвержаны палажэнням гэтага дэкрэта (дэкрэт №3). Нам здаецца, што многія асобы і тут, і па-за межамі Беларусі спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя маніфестацыі ў сваіх асабістых мэтах», — заявіў міністр.

Уладзімір Макей адзначыў, што заўсёды прысутнічаюць асцярогі наконт таго, што гэты далікатны працэс нармалізацыі адносін з ЕС можа спыніцца. «Мы выдатна разумеем, што ў ЕС існуюць пэўныя каштоўнасці, якіх прытрымліваюцца краіны — удзельніцы гэтай арганізацыі. І мы выдатна разумеем, што для Еўрапейскага саюза гэтыя каштоўнасці маюць вялікае значэнне. Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне ў цэлым і ў дэталях з маім калегам», — сказаў ён.

«Неабходна разумець, што некаторыя краіны ішлі да дэмакратыі не толькі дзясяткі, але і сотні гадоў. Укараненне сапраўднай дэмакратыі ў тым сапраўдным еўрапейскім разуменні гэтага слова патрабуе доўгага часу. Гэта патрабуе змены менталітэту, псіхалогіі людзей. І трэба ў гэтым плане працаваць і з грамадскай супольнасцю», — сказаў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства.

«Але вельмі важна, пра што мы размаўлялі сёння са спадаром Рэйндэрсам, своечасова інфармаваць аб усіх абставінах і абмяркоўваць шляхі выхаду з падобных сітуацый і сёння, і ў будучыні», - дадаў Уладзімір Макей.

У сваю чаргу Дыд'е Рэйндэрс пацвердзіў, што дадзеная тэма абмяркоўвалася на перамовах.

«Я звярнуў увагу на тое, што для Еўрапейскага саюза вельмі важна працягваць адкрыты дыялог з Беларуссю. Неабходна падзяляць паняцці адміністрацыйных арыштаў, якія здараюцца падчас шматлікіх акцыяў і пратэстаў (якія адбываюцца і ў саміх краінах - членах ЕС), і сапраўды арыштамі за нейкія крымінальныя дзеянні «, - сказаў ён.

Віцэ-прэм'ер Бельгіі заклікаў да працягу дыялогу паміж уладай і грамадзянскай супольнасцю. «Мы вітаем пэўныя станоўчыя крокі ў гэтым кірунку, прынятыя беларускімі ўладамі за апошнія месяцы», - дадаў Дыд'е Рэйндэрс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?