Барыс Шырынга і Мікалай Чарнавус-малодшы перад пачаткам судовага пасяджэння 15 сакавіка. Фота: Юрый Піваварчык
Барысу Шырынгу і завочна Міхаілу Стрэльчыку — па 345 рублёў (15 базавых велічынь), а Мікалаю Чарнавусу-малодшаму — 12 сутак адміністрацыйнага арышту. 15 сакавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы вынес прыгавор актывістам за ўдзел у «несанкцыянаваным пікеце на плошчы Леніна», перадае баранавіцкі партал intex-press.by.
Пасяджэнне пачалося 14 сакавіка, але з-за таго, што актывістам уручылі позвы напярэдадні вечарам, яны не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы і наняць адвакатаў, пасяджэнне перанеслі на 15 сакавіка.
У сераду на суд прыйшлі былы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус-малодшы і беспрацоўны Барыс Шырынга. Беспрацоўны эканаміст Міхаіл Стрэльчык не з'явіўся, таму што з'ехаў у Расію на сумоўе. Ён папрасіў суд прызнаць прычыну яго адсутнасці ўважлівай і перадаў ксеракопію квіткоў.
Яшчэ адзін фігурант справы — Яўген Жураўскі — таксама на суд не з'явіўся. Хоць, як патлумачыла суддзя, «яго мама патэлефанавала і сказала, што позву ён атрымаў». Хто гэты чалавек, ніхто з баранавіцкі актывістаў не ведае. Мікалая Чарнавуса-старэйшага таксама на судзе не было. Яго сын сказаў карэспандэнту, што бацьку позву не ўручылі.
Падчас судовага пасяжэння былі дапытаныя Мікалай Чарнавус-малодшы і Барыс Шырынга. Абодва заявілі, што не згодныя з пратаколамі, якія былі на іх складзеныя супрацоўнікамі міліцыі, і віну сваю не прызнаюць. Па іх словах, на мітынгу прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі, таму яны палічылі, што мітынг санкцыянаваны.
Сведкамі па справе праходзілі два супрацоўнікі міліцыі: Анастасія Белановіч і Дзмітрый Казачэнка. Абодва міліцыянта былі на мітынгу ў цывільным, нікога не затрымлівалі і пратаколаў у гэты дзень не складалі. Яны распавялі, што на мітынгу парушальнікі выказвалі незадаволенасць уладай і заклікалі «не быць рабамі і не плаціць падатак на дармаедства».
Суд прызначыў пакаранне Барысу Шырынгу і завочна Міхаілу Стрэльчыку па 345 рублёў (15 базавых велічынь), а Мікалаю Чарнавусу-малодшаму — 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
Для Мікалая Чарнавуса-малодшага прысуд аказаўся нечаканым.
— Я пакуль трохі ў шоку. Я псіхалагічна рыхтаваў сябе да такога павароту падзей, але аказаўся не гатовы. Хутчэй за ўсё, буду абскарджваць прысуд, — сказаў ён Intex-press.
Беспрацоўны Барыс Шырынга падзяліўся з Інтэкс-прэс, што не ведае, як аплаціць штраф.
— Хай саджаюць, хай што хочуць робяць, я не ведаю, дзе браць гэтыя грошы, — растлумачыў Барыс Шырынга.





