Бізнэсоўцы скардзяцца, што за карыстанне гістарычнымі будынкамі з іх намагаюцца спагнаць дадатковыя грошы. Чыноўнікі адказваюць: усё па законе.

16 сакавіка прайшоў сход арандатараў, якія здымаюць памяшканні ў гістарычным цэнтры сталіцы і супрацоўнічаюць з КУП «Мінская спадчына». На сходзе арандатарам паведамілі, што ім трэба заплаціць 5% ад гадавога прыбытку прадпрыемстваў за «ўздзеянне» на гістарычны цэнтр Мінска ў адпаведнасці з указам прэзідэнта РБ № 527 ад 2007 года.

«Пры гэтым ні пра гэтым ўказе, ні пра дзіўных 5% нічога да гэтага моманту не было вядома і не агучвалася пры заключэнні дагавораў і ніяк у іх не адлюстравана. Але па «шчаслівай выпадковасці» менавіта цяпер пра «ўздзеянні» прыгадала Міністэрства культуры і Пракуратура», — сцвярджаюць бізнэсоўцы.

Праўда, варта прызнаць — указ №527 папярэджвае пра спагнанне 5% прыбытку з арандатараў-беларусаў (замежныя юрасобы, напрыклад, мусяць сплаціць увогуле 25%).

Але ж чаму раней пра гэта маўчалі, а тут раптам узгадалі?

«Наша роля — азнаёміць арандатараў з указам прэзідэнта №527. І ўсё. Ва ўказе ўсё напісана. У мінулым годзе, я так разумею, не сплачвалі. Чаму… Не магу вам патлумачыць. Кантралюе выкананне ўказа Міністэрства культуры. Чаму яны робяць штосьці такім ці іншым чынам — яны нам не кажуць», — распавяла «Нашай Ніве» Таццяна Вярхола, начальнік аддзела арэндных зносінаў КУП «Мінская спадчына».

Ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны заявы прадпрымальнікаў абвяргаюць.

«Гэта не навіна, што трэба сплачваць 5%. І плацяць не толькі сёлета — плацілі і ў мінулыя гады», — сказала Наталля Хвір, начальніца аддзела аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Па словах чыноўніцы, грошы, атрыманыя згодна з указам №527, ідуць на аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей.

«Летась гэтыя грошы выдаткоўваліся на Пустынкі [Успенскі манастыр пад Амсціславам — НН], таксама ішлі грошы на Полацк», — дадала Хвір. 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?