Падлетак адкрыў страляніну ў французскім ліцэі Алексіса дэ Таквіля у горадзе Грас на поўдні краіны, паведамляе ВВС. Агенцтва Рэйтэр са спасылкай на прэс-службу паліцыі паведамляе аб васьмі параненых, французскія СМІ пішуць пра двух-трох пацярпелых.

Паводле даных СМІ, 17-гадовы вучань ліцэя ў Грасе (дэпартамент Альп-Марыцім), узброены двума пісталетамі і стрэльбай, пранік у будынак навучальнай установы і адкрыў агонь.

Як мяркуецца, ён хацеў застрэліць дырэктара ліцэя. Паводле даных газеты Figaro, апошні атрымаў раненне ў руку, але выжыў. Падазраваны затрыманы. 

Па інфармацыі газеты Le Monde, вартавыя парадку абясшкодзілі выбухную прыладу на аснове дымнага пораху, якая была выяўленая ў будынку ліцэя.

Паводле папярэдніх вынікаў расследавання, нападнік дзейнічаў у адзіночку. Паведамляецца, што ўсіх пацярпелых ён параніў з драбавіка. Акрамя стрэльбы і двух пісталетаў у маладога чалавека знайшлі дзве навучальныя гранаты.

Паліцыя пакуль не паведамляе, расцэньвае яна здарэнне як тэракт ці як звычайнае злачынства, якое не мае тэрарыстычнай падаплёкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?