У пятніцу ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель правялі супольную прэс-канфэрэнцыю па выніках іх першай сустрэчы ў якасьці лідэраў дзьвюх краін.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель падзякаваў Нямеччыне і Францыі за ўклад ва ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Ён таксама запэўніў кіраўніцу ўраду Нямеччыны ў прыхільнасьці ЗША да Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Мэркель вітала заявы Трампа. Паводле яе, паляпшэньне стасункаў з Расеяй нельга недаацэньваць, але яму павінна спадарожнічаць вырашэньне сытуацыі ва Ўкраіне. Мэркель таксама выказала надзею, што Бэрлін і Вашынгтон адновяць перамовы вакол Трансьціхаакіянскага партнэрства.

Гэта першая сустрэча кіраўніцы ўраду Нямеччыны з Трампам — дагэтуль яны толькі гаварылі па тэлефоне. Трамп прывітаў Мэркель каля ўваходу ў Белы Дом, палітыкі паціснулі рукі і ўсьміхнуліся на камэру. Аднак калі фатографы папрасілі палітыкаў паціснуць рукі яшчэ раз, амэрыканскі прэзыдэнт не зрабіў гэтага.

Пасьля ўступленьня на пасаду Трамп неаднаразова крытыкаваў Мэркель за рашэньне адкрыць межы для ўцекачоў у 2015 годзе. У сваю чаргу кіраўніца нямецкага ўраду асудзіла ўведзены Трампам мараторый на ўезд уцекачоў у ЗША, які пазьней быў адменены судом.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі» 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?