Нямецкія медыі пільна сочаць за беларускімі пратэстамі.

15 сакавіка, з нагоды другога марша недармаедаў у Мінску, Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ) і Der Spiegel змясцілі на сваіх інтэрнэт-старонках вялікія тэксты, у якіх яшчэ раз асвятлілі становішча ў нашай краіне.

FAZ пра дыктатара ў нявыкрутцы

Фрыдрых Шміт - карэспандэнт выдання ў Маскве - у артыкуле «Дармаеды на маршы супраць Лукашэнкі» падкрэслівае галоўную асаблівасць цяперашняга пратэстнага руху ў беларускіх гарадах: на вуліцы выходзяць людзі, якія раней не выяўлялі цікавасці да палітычных акцый, нават больш за тое - падтрымлівалі дзеючага кіраўніка дзяржавы:

«Цяпер на вуліцы ідуць не толькі звычайныя, бясстрашныя апазіцыянеры, але таксама беларусы, якія падтрымлівалі прэзідэнта; людзі, якім патрыярх даваў [матэрыяльнае] забеспячэнне і стабільнасць савецкага ўзору, якім ён у рэцэсіі няшмат чаго мае прапанаваць».

Людзі, не баючыся рэпрэсій, прамаўляюць у мікрафоны на плошчах, выказваюцца на камеры СМІ. Журналіст прыводзіць прыклад жанчыны з Пінска. Яна абураецца сваёй мізэрнай пенсіяй і тым становішчам, у якім апынуўся яе горад — пераўтвораны ў «п’яную, здэградавалую багну». Яна наракае на беспрацоўе і малыя заробкі, жорстка абураецца беларускімі чыноўнікамі, уключаючы прэзідэнта. У канцы жанчына патрабуе свабодных і дэмакратычных выбараў: «Так сацыяльны пратэст перацякае ў палітычны», - падсумоўвае Шміт.

Журналіст таксама звяртае ўвагу на стратэгіі ўладаў, каб заспакоіць пратэсты. У прыватнасці, і сам Лукашэнка, і дзяржаўнае ТБ паслядоўна прыпісваюць віну ў пратэстах службоўцам. Маргіналізаваная апазіцыя абвінавачваецца ў тым, што яна імкнецца выкарыстаць момант. Тэлебачанне таксама імкнецца разыграць вонкавую карту, «каб абудзіць страх перад «Майданам» як у Кіеве і, крыху далікатней, перад «старэйшым братам» - Расіяй».

«Ці гэта дапаможа прэзідэнту, няясна».

Структурная прычына пратэстаў бачыцца Шміту ў эканамічнай залежнасці Лукашэнкавага эканамічнага парадку ад Расіі. Больш за тое:

«Крызіс скіраваў увагу на неэфектыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія, аднак, інтэграваныя ў сістэму ўлады, што тлумачыць, чаму Лукашэнка не зацікаўлены ў сапраўдных рэформах і прыватызацыі. Але ж іх патрабуе Міжнародны валютны фонд за крэдыт у 3 мільярды даляраў, якія патрэбныя Мінску. Дыктатар трапіў у нявыкрутку (steckt in der Klemme)».

Між тым, стаўленне ўладаў да пратэстоўцаў змяняецца. Amnesty International налічвала на момант публікацыі артыкула 48 арыштаваных, «Рэпарцёры без межаў» крытыкавалі беларускія ўлады за арышт прынамсі 19 журналістаў.

Інтэрнэт-версія найбольш уплывовага тыднёвага часопіса Нямеччыны змясціла рэпартаж з Бабруйска маскоўскай карэспандэнткі выдання, Крысціны Хэбель.

Сярод галоўных герояў рэпартажу «Лютасць беларусаў» - удзельніца пратэстаў Галіна. У самым пачатку артыкула яна абураецца плотам, які ў Бабруйску пабудавалі вакол танка. «Яны проста баяцца, што мы ўскараскаемся на танк».

Два сыны Галіны атрымалі «лісты шчасця». Так у Беларусі называюць паведамленні пра неабходнасць выплаціць падатак, тлумачыць Хэбель, «што кажа шмат пра саркастычны спосаб абыходзіцца з роспаччу».

Хоць афіцыйны ў Беларусі беспрацоўе вельмі невялікае, гэта мала што кажа пра рэальнае становішча спраў, тлумачыць нямецкаму чытачу аўтарка.

«Мець працу ў Беларусі не абавязкова азначае мець прыбытак».

Як і аўтар папярэдняга тэксту, журналістка Spiegel Online звяртае ўвагу на перадумовы крызісу, а значыць, і пратэстаў: «Без субсідый з Масквы, накшталт субвенцыяніраванага газу, Беларусь нежыццяздольная, але прэзідэнт Пуцін, сам у гаспадарчым крызісе, скараціў. Лукашэнка спадзяецца таму на дапамогу з Брусэля».

Журналістка маляўніча паказвае спецыфічна беларускія рэаліі вулічнай палітыкі:

«Ганьба, ганьба» - крычаць людзі ў Бабруйску, не зважаючы на супрацоўнікаў КДБ у цывільным, якія мяшаюцца ў натоўпе і здымаюць на камеры. Па-над плошчай ідзе погаласка пра арышты, ці аўтобусы, якія быццам бы стаяць праз пару вуліц, каб забраць дэманстрантаў. Калі дрон здымае людзей з паветра, яны махаюць яму ўгару - адна з удзельніц кажа: «О, лятаючы дзяржаўны бюджэт».

Але людзі занадта стаміліся, каб зважаць на гэта, лічыць журналістка. 35-гадовы Руслан абураецца: «Людзі не маюць права на працу, выбары, на ўласную краіну, на ўласную зброю — у чым тады адрозненне ад рабоў у Рымскай імперыі?» 28-гадовая Таццяна неўзабаве мае страціць працоўнае месца, яна ўпершыню прыйшла на акцыю пратэсту: «Я не хачу быць вымушанай пакінуць сваю краіну, каб мець магчымасць знайсці работу».

Аўтарка апавядае не толькі пра абурэнне дэкрэтам: Галіна, пра якую ішла гаворка ў пачатку артыкула, патрабуе таксама, каб была скончаная «гульня ў шпіёнаў». Яна мае на ўвазе арышты апазіцыянераў. Журналістка расказвае пра Рымашэўскага, арыштаванага з іншымі апазіцыянерамі ў Маладзечне і асуджанымі на 15 сутак — такім чынам, што яны не змогуць далучыцца да пратэсту 25 сакавіка, «у дзень заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі».

«Галіна ўсё адно паедзе: «Я не баюся».



Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру