Жыхарка Брэсцкага раёна толькі ў судзе даведалася, што бацькам яе дзіцяці з'яўляецца не былы муж, а іншы мужчына.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці Таццяна Сівіцкая.

Гісторыя не саступае сюжэту бразільскага серыяла. У суд звярнулася 35-гадовая жанчына, спадзеючыся атрымаць ад экс-мужа аліменты на выхаванне дзіцяці. У апошнія гады ён перастаў удзельнічаць у выхаванні сына і фінансава падтрымліваць яго. Мужчына не меў сталай працы, яго даходы складалі толькі выпадковыя заробкі. Былая жонка настойвала, што грошы на выплаты ў яго ёсць. У сваю чаргу адказчык стараўся адцягнуць працэс выплаты аліментаў, і таму заявіў у судзе, што не з'яўляецца бацькам дзіцяці, хоць ніколькі ў гэтым не сумняваўся. Для вырашэння спрэчнага пытання была прызначана судова-генетычная экспертыза.

Жыхар Брэсцкага раёна думаў, што пасля ДНК-тэсту ў яго не будзе аргументаў для адмаўлення бацькоўства, і не прыйшоў на судовае паседжанне. Аднак вынікі экспертызы здзівілі жанчыну — бацькоўства былога мужа выключана. Такім чынам, мужчына быў вызвалены ад утрымання непаўналетняга дзіцяці.

«Пытанне выплаты аліментаў з'яўляецца адной з асноўных прычын звароту грамадзян па правядзенне генетычнай экспертызы. Як паказвае практыка, у апошні час, каб пазбегнуць сямейных праблемаў, няўпэўненыя ў сваім бацькоўстве мужчыны звяртаюцца па высвятленне бацькоўства самастойна, падаючы ў аддзел судова-біялагічных і судова-генетычных экспертыз біялагічны матэрыял (напрыклад, узоры сліны)», — адзначыла Таццяна Сівіцкая.

У мінулым годзе ў кіраванні ГКСЭ па Брэсцкай вобласці праведзена 261 экспертыза. З пачатку 2017-га зроблена 60 ДНК-тэстаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?