Згодна з дакументамі WikiLeaks, аўтамабільны софт QNX кампаніі BlackBerry Ltd. з’яўляецца патэнцыйнай мішэнню для ўзлому з боку Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША.

У дадзены момант аперацыйная сістэма QNX усталявана на 60 мільёнах аўтамабіляў па ўсім свеце.

У канцы 2016 года ў BlackBerry паведамілі пра адкрыццё цэнтра даследаванняў тэхналогій для беспілотных аўтамабіляў. А ўжо на пачатку 2017 года BlackBerry і Renesas Electronics America Inc. прадставілі сумесную тэхналагічную платформу для аўтаномных аўтамабіляў. Плануецца, што беспілотныя аўтамабілі ад BlackBerry будуць працаваць пад кіраваннем QNX.

Эксперты мяркуюць, што калі ЦРУ атрымае кантроль над QNX, спецслужбы змогуць у перспектыве сачыць за беспілотнымі аўтамабілямі і кантраляваць іх.

WikiLeaks не прадставіла дакументаў, якія б дакладна тлумачылі, як ЦРУ планавала ўзломваць транспартныя сродкі. У якасці доказу WikiLeaks публікуе спасылкі на пратакол сходу ад 2014 года. У гэтым пратаколе адзначана, што ЦРУ патэнцыйна цікавіць кантроль за «транспартнымі сродкамі» і праграмным забеспячэннем QNX, якое ў іх выкарыстоўваецца.

ЦРУ адмовілася каментаваць сітуацыю амерыканскім журналістам. У сваю чаргу ў BlackBerry паведамілі, што забеспячэнне высокага ўзроўню бяспекі заўсёды было ў цэнтры ўвагі кампаніі, і спецыялісты вывучаюць праграмнае забеспячэнне BlackBerry на наяўнасць уразлівасцяў.

У 2015 годзе здарыўся першы вядомы выпадак, калі праграмнае забеспячэнне было ўзламанае і аўтамабіль кіраваўся звонку. Але зрабілі гэта не злачынцы і не спецслужбы.

Спецыялісты па інфармацыйнай бяспецы Чарлі Мілер і Крыс Валасэк узламалі аўтамабіль Jeep Cherokee: яны кіравалі стырном, адключылі тармазную сістэму і рухавік. У выніку вытворца быў вымушаны адклікаць 1,4 млн аўтамабіляў.

Але навошта спецслужбам кантраляваць ваш аўтамабіль?

Як вытворцы аўтамабіляў, так і спецслужбы асцерагаюцца, што беспілотныя аўтамабілі могуць быць добрымі мішэнямі для атакі з боку злачынцаў.

Патэнцыйная атака з боку хакераў на такія машыны можа мець катастрафічныя наступствы як для пасажыраў, так і для звычайных мінакоў.

Ужо даўно транспартныя сродкі выкарыстоўваюцца падчас тэрактаў. Можна ўзгадаць тэракты ў Ніцы і Берліне, калі тэрарысты на грузавіках уразаліся ў натоўп, каб задушыць як мага больш людзей. Калі тэрарысты атрымаюць доступ да тэхналогій беспілотнага кіравання, такія трагедыі могуць здарацца яшчэ часцей.

Усё больш аўтамабільных кампаній імкнуцца аўтаматызаваць сваю прадукцыю, таму хакеры ўсё часцей і часцей будуць звяртаць увагу на транспартныя сродкі.

Гэта вялікая праблема і для вытворцаў, таму што адсутнасць кібербяспекі можа выклікаць падзенне даверу да кампаніі.

Акрамя пагрозы тэрактаў, існуе праблема захавання канфідэнцыйных дадзеных. Хакеры могуць спакусіцца на нумары банкаўскіх картак, асацыяваных з сервісамі аўтамабіля.

На сённяшні дзень лідарам у тэхналогіях аддаленага кіравання аўтамабілямі з’яўляецца Tesla.

Галоўнымі перашкодамі ў развіцці беспілотных тэхналогій з’яўляюцца праблемы бяспекі, а таксама адсутнасць адпаведнай прававой базы. Раней урад ЗША толькі выдаваў рэкамендацыі для аўтавытворцаў, і толькі сёлета ў студзені амерыканскія заканадаўцы прынялі закон, які рэгулюе стандарты кібербяспекі для аўтамабіляў. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру