Беларускамоўных выкладчыкаў дакладных навук Паўла Буку і Змітра Канаплянікава, якіх сёння пасля вобшуку адвезлі ў ДФР, выпусцілі пасля «ўзяцця тлумачэнняў».

Нагадаем, яны з'яўляюцца сябрамі грамадскай арганізацыі «Інстытут матэматыкі і кібернетыкі», які ладзіў ва Украіне завочную падрыхтоўку праграмістаў па-беларуску.

«Следчыя ўвесь час спрабавалі справакаваць пытаннем: «Як вы вядзеце адукацыйную дзейнасць?» — паведаміў Бука карэспандэнту НН. — Даводзілася ўвесь час тлумачыць, што адукацыйнай дзейнасці ў Беларусі мы не вядзем».

Крымінальнай справы супраць інстытута, як ён зразумеў са словаў следчых, няма, аднак адзначае, што сённяшнія дзеянні ДФР былі вельмі арганізаваныя: «Яны скіравалі аж тры групы: у месца, дзе мы ладзім бясплатныя публічныя лекцыі, да мяне дадому і да Канапляніка. Таксама, наколькі мне вядома, яны правялі гутарку з адным са студэнтаў». Падчас вобшукаў следчыя вынялі вінчэстэры камп'ютэраў і пячатку грамадскай арганізацыі. Дзейнасць інстытута часова паралізаваная», — адзначыў Бука.

Інстытут матэматыкі і кібернетыкі» распрацаваў адукацыйную праграму для беларускамоўнага навучання праграмістаў.

У Беларусі, паводле словаў Паўла Букі, магчымасці дзейнічаць не было, таму яны дамовіліся з Міжнародным эканамічна-гуманітарным універсітэтам імя акадэміка Сцяпана Дзем'янчука ў Роўне (Украіна). Там беларускамоўныя праграмісты вучацца асобнай плынню. 

Праграма доўжыцца ўжо тры гады, штогод на яе набіраецца каля 15 завочнікаў, якія маюць атрымаць афіцыйны ўкраінскі дыплом.

Навучанне для іх у Роўне ідзе па-беларуску, агульныя прадметы, кшталту гісторыі Украіны, чытаюць па-украінску.

«Калі з намі нешта здарыцца, думаю, адзін з інстытутаў ці ўніверсітэтаў, з якімі мы дамаўляліся, зможа падтрымаць гэтую праграму замест нас», — кажа Павел Бука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?