На ўсходніх ускраінах Дамаска ідуць жорсткія баі паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі, паведамляюць жыхары сірыйскай сталіцы.
Пасярод горада выбухалі артылерыйскія снарады і ракеты, запушчаныя паўстанцамі, якія нечакана напалі на горад.
Перад тым, як напасці на абарончыя лініі ўрадавых войскаў, паўстанцы ўзарвалі ў раёне Джабар два начыненыя выбухоўкай аўто, за рулём якіх былі смяротнікі.
Армія адказала на гэта авіяўдарамі.
Сірыйскія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што для атакі ў Джабары паўстанцы вырылі сакрэтныя тунэлі.
Большасць тэрыторыі Дамаска знаходзіцца ў руках урадавых войскаў. Баі за раён Джабар, размешчаны адносна недалёка ад цэнтра, працягваюцца ўжо больш за два гады.
На мінулым тыдні ад двух нападаў бамбістаў-смяротнікаў у Дамаску загінулі больш за 50 чалавек.
Напады супалі з шостай гадавінай паўстання супраць прэзыдэнта Башара Асада.





