Кожнага хлопца, якому пашчасціла служыць у войску, перад тым, як прайсці праз КПП вайсковай часці, турбавала пытанне: «Ці будзе там «дзедаўшчына» і наколькі яна жорсткая?» Хтосьці задумваўся пра гэта ў меншай ступені, хтосьці — у большай, але дакладна пра тое думаў кожны будучы вайсковец і нават ягоныя бацькі.

Па гэтай тэме шмат напісана і сказана, але апошнім часам з афіцыйных крыніц даводзіцца чуць, што ў сучасным беларускім войску дзедаўшчыны ўжо амаль няма ці яна не такая як раней — у савецкія часы. Ці так гэта на самай справе? Кожны можа самастойна высветліць, спытаўшы, напрыклад, пра тое ў сваіх знаёмых, якія праходзілі вайсковую службу цягам апошніх гадоў. Я ж распавяду аб тым, што даведаўся асабіста пра сучасны стан «дзядухі» падчас сваёй тэрміновай службы ў войску.

Як ёсць

У дзедаўшчыне вырашальную ролю грае тэрмін службы жаўнера, падчас якой кожны вайсковец праходзіць «эвалюцыю» ад духа да дзеда. У кожнай вайсковай часці прынцып іерархіі агульны, а вось падзел на «класы» асаблівы.

Напрыклад, у гродзенскай інжынернай брыгадзе захаваўся класічны, яшчэ з савецкіх часоў, выгляд такога падзелу: пах (да першай лазні) — дух (першая палова года службы) — слон (другая палова года службы) — чэрап (больш за год службы) — дзед (званне, якое атрымліваюць ад дзеда ранейшага прызыву) — дзембель (100 дзён да сканчэння службы).

Зараз тэрміны службы паўтара, а не два гады, як раней. Па гэтай прычыне ў большасці часцей сістэма іерархіі прыстасавалася да новых умоваў.

У іншых часцях падзел на класы можа быць прасцейшым: дух — слон — дзед — дзембель. Напрыклад, у чыгуначнай брыгадзе Слуцка падзел яшчэ больш просты, але са сваімі асаблівасцямі: дух — слон — дзед (палаген). Пры тым назва «палаген» ужывалася часцей за «дзед», а «сланамі» лічылі яшчэ і тых салдат, якія адмаўляліся жыць «па дзеду» і жылі «па статуце».

Прабіванне лася. Салдат зводзіць рукі на лбе далонямі ад сябе, каб не заставалася чарнякоў, а дзед б’е па іх. У войску салдаты спрытна выкарыстоўвалі фантазію і маглі прабіць лася з нагі, табурэтам ці нават вогнетушыцелем. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Прабіванне лася. Салдат зводзіць рукі на лбе далонямі ад сябе, каб не заставалася чарнякоў, а дзед б’е па іх. У войску салдаты спрытна выкарыстоўвалі фантазію і маглі прабіць лася з нагі, табурэтам ці нават вогнетушыцелем. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

За плотам у віры

Андрэю Шыцько пашчасціла адслужыць у зенітнай ракетнай брыгадзе ў апошні год яе існавання. Брыгада месцілася ў Слуцку і напрыканцы 2014 года была расфармаваная.

Дзядуха ў роце Андрэя была адна са слабейшых па вайсковай часці, бо асабовы склад быў невялікім. Па традыцыі «маладыя» выконвалі ўсю асноўную працу за старэйшыя прызывы, наводзілі парадак у памяшканнях і на спальных месцах. У Андрэя не было ніякіх грашовых пабораў, збіцця і фізічных пракачак уначы. Для яго дзедаўшчына ўвасабляла сабою забарону карыстання тэлефонам і наведвання чыфана (вайсковай крамы). У чыфане прадстаўнікам малодшага прызыву можна было набываць толькі ваду і цыгарэты. Усё астатняе дазвалялася толькі па асаблівых днях, якія называліся «днямі жывата».

Андрэй не меў права казаць дзеду слова «зая*ўся», бо дух не можа стаміцца. Таму хлопец, не ведаючы стомы, ганяў для дзедушак на чыфан і гатаваў ім гарбату. Час ад часу дзяды забаўляліся гульнямі ў «хобат» і «вожыка». Часцей за ўсё гэта датычылася фізічна слабых хлопцаў, якія былі не здольныя даць адпор. Вось яны і бегалі на карачках па памяшканні роты з прывязаным табурэтам да спіны, выяўляючы вожыка.

Яшчэ было заведзена, што салдаты першага і другога перыяду маглі карыстацца толькі дзвюма рукамыйніцамі з шасці наяўных. Астатнія чатыры — права дзядоў.

Мала хто ў гэтай часці намагаўся пайсці ў супраціў наладжанай сістэме, гэтаксама і Андрэй. Тыя, хто ўсё ж спрабаваў учыніць бунт, хадзілі пасля ў «чортах». Што датычыцца камандавання, то афіцэры, па словах Андрэя, наўрад ці не ведалі пра існуючыя парадкі сярод салдат.

Чарапашка. Дух становіцца на карачкі, а дзед лупіць яго табурэтам па азадку, пасля чаго салдат бяжыць на сваіх чацвярох, быццам па інерцыі, як чарапашка. Чым мацнейшы ўдар, тым большую адлегласць мусіць ён прабегчы. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Чарапашка. Дух становіцца на карачкі, а дзед лупіць яго табурэтам па азадку, пасля чаго салдат бяжыць на сваіх чацвярох, быццам па інерцыі, як чарапашка. Чым мацнейшы ўдар, тым большую адлегласць мусіць ён прабегчы. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Хадзіць чортам. На таго, хто не жадаў жыць «па дзедаўскіх» парадках, накідваліся гурбою і валаклі ў вызначанае месца пераводзіць у «чорты». Там, трымаючы яго, сцягвалі порткі, а хтосьці з дзядоў біў па «мяккім месцы» тапкам з нумарам 13. Пасля гэтага ніводзін салдат не мог знаходзіцца побач, мець стасункі і нават размаўляць з «чортам», інакш таксама мог патрапіць у няміласць дзедушак і папоўніць «чортавы» шэрагі. Такая працэдура пакарання непаслухмяных захавалася ў некаторых часцях.

Ніхто мяне не чапаў. Гэта я ўпаў

У Славы Хадаровіча служба была крыху весялейшай, чым у Андрэя. Ён адслужыў у адным з батальёнаў інжынернай брыгады ў Гродне. Дзедаўшчына там на той час выспявала ў найлепшых савецкіх традыцыях.

Грошай у Славы ніхто не патрабаваў, калі не ўлічваць неабходнасць частаваць дзедушак цыгарэтамі. Затое фізічна, на сваім целе, даводзілася адчуваць некаторыя цяжары службы. Слава лёгка мог за нейкую правіну перад дзядамі «атрымаць у грудзі» ці «стаяць на кабіне свечкай». Гэта было своеасаблівай рысай дзядухі ў гэтай вайсковай часці — ставіць салдат на галаву ў поўны рост да сцяны. Яшчэ адной асаблівасцю была традыцыя «прабівання лася» вогнетушыцелем. Бывала, маладому салдату білі нагой у спіну, пакуль той стаіць ва ўпоры лежачы.

У першыя месяцы службы гэта выглядае, вядома, вельмі жорстка і жахліва. З цягам часу салдаты пачынаюць нават ставіцца да такога з гумарам, а напрыканцы службы, стаўшы дзядамі, увогуле лічаць падобнае звычайным і нават прышпільным. Слава тут не быў выключэннем.

Стойка на кабіне. Кабінай у войску называюць галаўны ўбор ці саму галаву. Стойку ўжывалі не дзеля забавы, а выключна як пакаранне за правіннасць. Салдат станавіўся на тры пункты апоры: галаву і ногі, трымаючы рукі за спінаю. Такая поза вельмі небяспечная, бо можа траўмаваць шыю ці выклікаць прыток крыві да галавы. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info

Стойка на кабіне. Кабінай у войску называюць галаўны ўбор ці саму галаву. Стойку ўжывалі не дзеля забавы, а выключна як пакаранне за правіннасць. Салдат станавіўся на тры пункты апоры: галаву і ногі, трымаючы рукі за спінаю. Такая поза вельмі небяспечная, бо можа траўмаваць шыю ці выклікаць прыток крыві да галавы. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info

Вечарамі Слава, як і астатнія духі, рабіў «размініраванне ложка» для дзеда: залазіў пад ложак і нібыта шукаў там міны, а пасля дакладваў дзеду, што ўсё чыста і можна спакойна адпачываць. За такія весялосці ўдзячныя дзяды пасля адбою працягвалі гульні з духамі ў «зязюлю» і актыўна займалі спортам маладую змену. Духі ноччу маглі да знямогі аджымацца ці рабіць іншыя фізічныя практыкаванні.

Але ў які-ніякі вольны час Славу ў статусе духа дазвалялася чытаць кнігі і наведваць трэнажорную залу. Таксама можна было карыстацца парфумаю і мыцца раніцаю. Аднак такія прывілеі маладыя салдаты маюць далёка не ва ўсіх часцях.

Гульня з хобатам. Традыцыя дзеля жарту. Палягае ў тым, што вайсковец-слон мае ўяўны хобат. Дзед яго можа нібыта адарваць і закінуць на іншага салдата ці нават афіцэра, а слон, у сваю чаргу, павінен бегчы за тым чалавекам, каб забраць свой хобат. Вяртаючыся, слон мусіць паведаміць дзеду аб тым, што ён-такі выратаваў свой хобат. Дзед можа прывязаць хобат, напрыклад, да лаўкі. Так слон не зможа нікуды пайсці і выконваць загады, застаючыся на тым месцы, пакуль ягоны хобат не адвяжа хоць хтосьці з дзядоў.

Сушка кракадзіла. Салдат, упіраючыся рукамі і нагамі ў ложак, вісеў над ім столькі часу, колькі загадаў дзед ці пакуль не падаў ад стомленасці. У класічным варыянце выканання ўнізе хтосьці трымаў штык-нож для надання жудасці моманту. Але падчас службы я не бачыў і не чуў, каб хтосьці «сушыў кракадзіла» з выкарыстаннем нажа. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Сушка кракадзіла. Салдат, упіраючыся рукамі і нагамі ў ложак, вісеў над ім столькі часу, колькі загадаў дзед ці пакуль не падаў ад стомленасці. У класічным варыянце выканання ўнізе хтосьці трымаў штык-нож для надання жудасці моманту. Але падчас службы я не бачыў і не чуў, каб хтосьці «сушыў кракадзіла» з выкарыстаннем нажа. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

У Пячах як у печах

Вось у Віталя Каваленкі, як кажуць, «па першым» (маючы на ўвазе першую палову года службы) зусім прывілеяў не было, у адрозненне ад Славы. Віталю давялося праходзіць службу ў цэнтры тэхнічнага забеспячэння, адной з найвялікшых вайсковых часцей Беларусі ў Пячах. Гэтае месца на салдацкім слэнгу называюць «Тэхасам».

Віталь распавёў, што ў пачатку службы афіцэр, адказны за ідэалагічную працу, збіраў усіх маладых салдат на размову. Казаў ім, што дзедаўшчына — рэч зразумелая і звычайная, нічога тут, маўляў, асабліва жахлівага няма, што ў жыцці кожнага хлопца своеасаблівая дзядуха пачынаецца ледзь не з дзіцячага садочка. Пасля пачутага і Віталю, і ўсім прысутным стала зразумела, што адзіны выбар для іх — цярпець. А цярпець сапраўды было што…

Фізічныя «пракачкі» ўначы, розныя бязглуздыя і часам жорсткія дзедавыя забавы, харчовыя паходы для дзедушак на чыфан — усё гэта было для Віталя звычайнай штодзённай рэчаіснасцю. Выбару не было. У Пячах усе жылі «па дзедаўшчыне», а калі хто і намагаўся жыць «па статуце», то звычайна не вытрымліваў і тыдня траўлі. «Дзядуха Тэхаса» адрознівалася асаблівай жорсткасцю ў сваіх правілах. Напрыклад, пакуль Віталь быў духам, яму нельга было карыстацца пенаю для галення, толькі мылам, нельга выкарыстоўваць швабру, мыць пол трэба было толькі з анучай у руках. Такіх няпісаных законаў было шмат. Пра чыфан і кнігі нават думаць забаранялася, бо вольнага часу ў духа быць не можа.

Зязюля. Салдат садзіцца на спінку ложка і цалкам ухутваецца ў коўдру. У такой позе ён сядзіць і пераймае спевы зязюлі да таго часу, пакуль дзед не падыдзе ды й лясне па ім падушкаю. Ад удару салдат падае адразу ў ложак і мусіць засынаць. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Зязюля. Салдат садзіцца на спінку ложка і цалкам ухутваецца ў коўдру. У такой позе ён сядзіць і пераймае спевы зязюлі да таго часу, пакуль дзед не падыдзе ды й лясне па ім падушкаю. Ад удару салдат падае адразу ў ложак і мусіць засынаць. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Калі Віталь па тэрміне службы ўжо сам стаў прылічаным да саслоўя дзядоў, то ізноў адбылася знакавая размова ягонага прызыву з ідыёлагам батальёна. На гэты раз афіцэр змяніў рыторыку. Маўляў, што дзедаўшчына гэта несур’ёзна і супрацьпраўна, што нельга так ставіцца да маладых байцоў і ганьбіць сябе датычнасцю да гэтакай традыцыі.

Пажадаць добрай ночы. Калі прагучыць каманда «адбой», звычайна дзяды жадаюць дабранач духам: «Спите духи золотые, ваших баб е*ут другие!». На гэта ўсе духі адказвалі хорам: «Спите дедушки и вы, ваших баб е*али мы!» Прытым ніхто з духаў не меў права засынаць перш, чым засне апошні дзед.

Вышлі, мамка, грошай мне

Кардынальна іншым свет дзедаўшчыны пабачыў Іван Шыкуць у слуцкай чыгуначнай брыгадзе транспартных войскаў. Там камандаванне часці на праявы пазастатутных адносін вочы не закрывала, а некаторыя афіцэры ставіліся да дзядухі прынцыпова адмоўна. Гэта было галоўным фактарам яе слабасці ў вайсковай часці.

Яшчэ адзін фактар палягаў у тым, што ў гэтай часці праходзяць службу хлопцы, якія не прымаюць прысягу і адмаўляюцца браць зброю ў рукі, часцей за ўсё па рэлігійных перакананнях. Хтосьці з іх разглядаў дзядуху як гульню, а хтосьці бачыў у ёй бесчалавечнасць, і таму прынцыпова адмаўляўся ўдзельнічаць у гэткай «гульні». І такіх пратэстных салдат у роце Івана была палова з кожнага прызыву.

Начныя фізічныя «пракачкі» ў Івана скончыліся праз два месяцы службы, калі ў памяшканні роты ўсталявалі камеры відэаназірання, але гэта не перашкаджала адціскацца паміж коек ці ў іншых памяшканнях, куды цывілізацыя не дайшла. Ваня таксама «сушыў кракадзіла» і «бегаў за хобатам». Пакуль быў духам, то яму нельга было займацца спортам і наведваць чыфан. Увесь вольны час духі бясконца наводзілі парадак у памяшканнях.

ТУ-144. Забава дзядоў, пра якую я чуў толькі ў чыгуначнай брыгадзе. Дух бегаў па памяшканні роты нібыта самалёт і прасіў дазволу ў дзеда пайсці на пасадку. Калі дзед даваў дазвол, салдат падаў грудзьмі на падлогу. Падчас сваёй службы я не чуў, каб дзяды так забаўляліся, але некалькі гадоў таму, як мне казалі, гэта было нормаю амаль у кожнай роце. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі

ТУ-144. Забава дзядоў, пра якую я чуў толькі ў чыгуначнай брыгадзе. Дух бегаў па памяшканні роты нібыта самалёт і прасіў дазволу ў дзеда пайсці на пасадку. Калі дзед даваў дазвол, салдат падаў грудзьмі на падлогу. Падчас сваёй службы я не чуў, каб дзяды так забаўляліся, але некалькі гадоў таму, як мне казалі, гэта было нормаю амаль у кожнай роце. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі

Былі ў Івана і свае абавязкі: лічыць дні да дзембеля дзедушкі, купляць свайму дзеду цыгарэты і кожны вечар расцілаць ложак для яго. Але Ваню і тых хлопцаў, якія жылі «па дзядусе», турбавала тое, што палова салдат не падпарадкоўваецца правілам і нічога з таго не губляе. На гэтай глебе здараліся нават адкрытыя канфлікты, але яны не заходзілі далёка, бо дзяды вельмі баяліся, што пра гэта даведаюцца афіцэры.

У гэтай брыгадзе дзядуха была падвязаная на грошах. Дух і нават той, хто жыве «па статуце», мог набыць за грошы сабе асабістыя правы: карыстацца мабільным тэлефонам ці хадзіць на чыфан. За кожнае права быў фіксаваны кошт — 25 рублёў. Пераходы ў дзядуху таксама каштавалі 25 рублёў. Грошы трэба было перадаць любому з дзядоў. Такім чынам, некаторыя дзяды выходзілі са службы з немалымі грашыма на «пагуляць». Іван на прывілеі згубіў каля 60 рублёў, але яму пасля дзяды вярнулі ўсё за абяцанне не распавядаць пра гэта, бо афіцэры раптоўна пачалі адсочваць дзедаўшчыну ў роце.

На чацвёрты месяц службы амаль усе духі ў роце Івана адмовіліся жыць па дзедаўскіх законах, і дзяды нічога не маглі зрабіць. Дзедаўшчына цалкам перастала існаваць, але нядоўга. Наступны прызыў пачаў яе адраджэнне.

Перавод. Атрыманне вайскоўцам новага статусу паводле дзедаўшчыны ў кожнай часці можа мець сваю традыцыю, аднак сутнасць аднолькавая: салдат здымае порткі, а дзед б’е яго рэменем з бляхаю. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Перавод. Атрыманне вайскоўцам новага статусу паводле дзедаўшчыны ў кожнай часці можа мець сваю традыцыю, аднак сутнасць аднолькавая: салдат здымае порткі, а дзед б’е яго рэменем з бляхаю. Малюнак: Габрыэль Прэабражэнскі для kurjer.info

Чытачу

Інфармацыя, выкарыстаная ў дадзеным артыкуле, грунтуецца на маіх асабістых назіраннях і на словах тых, хто праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску з 2014 па 2016 гады. Сапраўдныя героі артыкула пажадалі застацца невядомымі, таму імёны выкарыстаны несапраўдныя. Малюнкі выкананы мастаком Габрыэлем Прэабражэнскім.

Важна разумець! Сітуацыя з прысутнасцю «дзедаўшчыны» ў падраздзяленні можа вельмі хутка змяняцца! Гэта адбываецца пад уплывам новага прызыву ці змены камандвання і яго стаўлення да гэтае з’явы.

Трэба адзначыць, што сёння Міністэрства абароны больш жорстка рэагуе на такія выклікі, а стаўленне з боку афіцэраў змяняецца ў пазітыўным кірунку. Прымаецца комплекс захадаў па супрацьдзеянні «дзедаўшчыне» ў войску. За такія паводзіны, асабліва з прычыненнем фізічнай шкоды, салдат можа лёгка панесці крымінальную адказнасць і нават пазбавіцца волі на пэўныя тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?