Расійскі лёгкаатлет Андрэй Дзмітрыеў, які нядаўна выступіў інфарматарам нямецкага журналіста тэлеканала ARD Хаё Зепельта, пакінуў радзіму. Прычына — пагрозы, якія сталі паступаць на яго адрас пасля выхаду чарговага фільма пра допінг у Расіі. «Спорт-Экспресс» цытуе інтэрв'ю, якое спартовец даў Sportschau.de.

«Я не планаваў з'язджаць з краіны, калі даваў згоду на інтэрв'ю тэлеканалу ARD у студзені. Але не шкадую ні пра што ў ім сказанае. Было неабходна выступіць супраць допінгавай культуры, якая склалася ў Расіі. Людзі павінны мець права голасу, інакш у нашым спорце ніколі не адбудуцца рэальныя змены. Але бачачы, што адбываецца вакол мяне пасля выхаду фільма ў эфір, я зразумеў, што мне лепш з'ехаць. Гэта быў неабходны крок. Цяпер я адчуваю сябе ў бяспецы», — мяркуе спартсмен.

«Я спадзяваўся на большае. Так, пасля майго інтэрв'ю ў краіне ажывілася палеміка адносна допінгу ў спорце, але толькі на кароткі час. Я хацеў, каб іншыя атлеты выступілі адкрыта. Меркаваў убачыць, як члены нацыянальных зборных публічна выказваюцца супраць старых трэнераў і ўсё яшчэ існуючай сістэмы.

Тое, што адбываецца ў расійскай лёгкай атлетыцы — сапраўдны жах.

Я хацеў, каб іншыя спартсмены пацвердзілі, што я не хлушу, і сказалі, што замешаныя ў скандалах людзі павінны сысці. Чакаў, што спартсмены і трэнеры выступяць у маю абарону, але яны занялі нейтральную пазіцыю, хоць у прыватнай перапісцы многія мяне падтрымалі», — кажа спартовец.

Дзмітрыеў таксама зазначае, што з ім пачалі адбывацца дзіўныя рэчы.

«Я ні разу ў жыцці не парушаў закон. Ніколі не станавіўся на ўлік у ваенкамаце. Цяпер мне 27, але з 18 гадоў да гэтага нікому не было справы. Мяне ніхто не шукаў, нічога ў такім родзе. Як раптам гэтая праблема паўстала - адразу пасля выхаду інтэрв'ю на ARD. Упэўнены, гэта не супадзенне. Невядома адкуль яны даведаліся, што ў той момант я жыў у хостэле. Да мяне прыйшлі без папярэджання, спрабавалі сілай забраць пашпарт і пагражалі неадкладна адправіць у турму. Два чалавекі трымалі мяне, як быццам я злачынец які-небудзь. Мяне прымусілі падпісаць паперу, што я абавязуюся з'явіцца ў ваенкамат 27 лютага. У мяне не было выбару. Адправіцца ў турму - бессэнсоўны гераізм, нікому не патрэбны ў гэтай сітуацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0