Крэмль адмаўляе абвінавачванні ўладаў ЗША, якія заявілі, што Федэральная служба бяспекі Расіі датычная да атак на Yahoo і крадзяжу персанальных дадзеных карыстальнікаў гэтага сервісу.
15 сакавіка амерыканскае Міністэрства юстыцыі апублікавала афіцыйнае абвінавачванне, дзе паведамлялася пра сувязі двух афіцэраў ФСБ з крымінальнымі хакерамі.
Нагадаем, што ў 2014 годзе хакеры скралі ў Yahoo 500 млн акаўнтаў, у тым ліку логіны, паролі, імёны карыстальнікаў, іх тэлефонныя нумары і даты нараджэння. На той момант гэта была самая буйная кібер-прабоіна за ўсю гісторыю. У Yahoo тады сцвярджалі, што інфармацыя была скрадзеная хакерскай групай, якая фінансуецца ўладамі адной з дзяржаў. Але што гэта за дзяржава, кампанія не ўдакладняла.
Зараз улады ЗША абвінавачваюць у атаках двух афіцэраў ФСБ, Дзмітрыя Дакучаева і Ігара Сушчына, якія ўступілі ў змову з хакерамі Карымам Баратавым і Аляксеем Беланам.
Прадстаўнік Мінюста ЗША Марк Раймандзі паведаміў, што амерыканскія праваахоўныя органы ўжо звярнуліся да расійскіх калег з просьбай выдаць злачынцаў.
Пікантнасці гэтай гісторыі дадае тое, што Аляксея Белана амерыканскія спецслужбы шукаюць ужо больш чым 3 гады, а Дзмітрый Дакучаеў, які працаваў у Цэнтры інфармацыйнай бяспекі ФСБ, зараз абвінавачваецца Расіяй у дзяржаўнай здрадзе.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Масква гатовая да супрацоўніцтва, але ні расійская дзяржава, ні спецслужбы не стаяць за гэтымі атакамі.