Беларускія навукоўцы распрацавалі тэст, на падставе вынікаў якога спецыялісты ацэняць рызыку развіцця раку лёгкага, а таксама параяць курцам найбольш эфектыўны метад адмовы ад нікацінавай залежнасці.

Новы тэст можна прайсці ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.Н. Аляксандрава ўжо сёння, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ва ўстанове аховы здароўя.

«Прапанаваны намі генетычны тэст распрацаваны на аснове сінтэзу даследаванняў трох замежных груп, — тлумачыць загадчык аддзялення біячыпавых тэхналогій, урач лабараторнай дыягностыкі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.Н. Аляксандрава Андрэй Бабенка. — Падобныя методыкі ўжо шырока запатрабаваныя на Захадзе ў тых, хто хоча расстацца са шкоднай звычкай. Мы ўзялі найлепшае з досведу замежных калег і стварылі прымальную для беларусаў дыягнастычную панэль».

Тэст даступны па цане і вельмі просты для пацыента: дастаткова ватнай палачкай некалькі разоў правесці па ўнутраным баку шчакі, каб здаць узор эпітэлія на аналіз. Далей ужываецца стандартная полімеразная ланцуговая рэакцыя ў рэжыме рэальнага часу.

Вынікі падобнага тэсту могуць дапамагчы дактарам-нарколагам і дактарам-псіхіятрам падабраць найбольш эфектыўны для пацыента спосаб пазбавіцца ад залежнасці. Шырока распаўсюджанае ў прыватных клініках кадаванне далёка не ва ўсіх выпадках можа аказацца дзейсным. Ёсць курцы, якім патрабуецца медыкаментозная падтрымка ў выглядзе таблетак, пластыраў, ін'екцый і інш. Іншыя маюць патрэбу перш за ўсё ў псіхалагічнай дапамозе. Генетычны тэст дазволіць таксама ацаніць дадатковую рызыку развіцця раку, якую нясе сяброўства з цыгарэтай і нават пасіўнае курэнне.

«Мы абследавалі 100 супрацоўнікаў нашага РНПЦ, — распавёў Андрэй Бабенка. — І некаторыя, у тым ліку і з нашай лабараторыі, пасля правядзення тэсту і выяўлення высокай анкалагічнай рызыкі развіталіся з шкоднай звычкай».

З часам навукоўцы плануюць генетычны тэст дапрацаваць і ўжываць для барацьбы з алкагольнай залежнасцю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру