У Арменіі адмаўляюць наяўнасць радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, што прыбыў з Ерэвана ў Гомель, паведамляе NEWS.am.

У тлумачэнні прэс-службы Камітэта па дзярждаходах Арменіі паведамляецца, што на мытным пункце аэрапорта, як і на іншых памежных пунктах, праводзіцца кантроль на належным узроўні з мэтай выяўлення і прадухілення транзіту радыеактыўных рэчываў.

«У сувязі з названай публікацыяй, запэўніваем, што ў аэрапорце багаж і пасажыры праходзяць належны кантроль, і ніякае парушэнне не выяўлена па выніках мерапрыемстваў, праведзеных у рамках мытных паўнамоцтваў. Такім чынам, гаворкі пра тое, што факт правапарушэння мог быць не заўважаны, гаворкі не ідзе», - заявілі ў прэс-службе камітэта.

Нагадаем, пра інцыдэнт з самалётам 20 сакавіка паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пералічыў некалькі інцыдэнтаў, якія за кароткі час адбыліся на беларускай мяжы — у тым ліку і выяўленне радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які рухаўся транзітам праз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін.

Пазней у Дзяржпагранкамітэце распавялі, што 19 сакавіка ў аэрапорце Гомеля прадстаўнікі мытні і памежнай службы пры аглядзе транзітнага самалёта, які рухаўся транзітам з Арменіі ў Балгарыю і далей у Харватыю, выявілі груз з перавышэннем радыяцыйнага фону ў 250 разоў.

Падчас агляду грузавога паветранага судна АН-12 быў выяўлены груз (маніпулятар для бескантактавага тэставання) з маркіроўкай наяўнасці крыніцы іанізуючага выпраменьвання. Пасля вывучэння кампетэнтнымі органамі прадстаўленых суправаджальных дакументаў і пацверджання наяўнасці прававых падстаў для перамяшчэння названага грузу, было прынята рашэнне аб пропуску паветранага судна з грузам праз дзяржаўную мяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?