Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы ў Магілёве з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан» падкрэсліў, што справядлівае цэнаўтварэнне — адно з важнейшых пытанняў для краіны, і яго будуць адсочваць вельмі сур'ёзна, перадае БЕЛТА

Ён задаўся пытаннем, чаму цэны на цукар, калі не хлусіць статыстыка, выраслі на 20-25 працэнтаў? «Адкуль? У нас жа свае заводы, мы вырабляем цукру ў два разы больш, чым нам трэба. Адзіная можа быць прычына, што высокія цэны на цукар у Расіі, Украіне, — вакол. Тады нікуды не дзенешся, трэба, каб была роўная цана. Калі яна будзе вельмі нізкая, цукар увесь вывезуць, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Але мне кажуць, што ўжо ў Беларусі цукар вышэйшы па кошце, чым у Расіі».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы дадаў, што дэфляцыя — гэта небяспечны працэс. «Калі цэны падаюць, адразу ж затаварваецца вытворчасць, збыту прадукцыі няма, попыту на прадукцыю няма. А значыць, прадпрыемства не плаціць заработную плату і з цягам часу закрываецца», — адзначыў ён.

Немалаважнымі пытаннямі, якія патрабуюць вырашэння, Аляксандр Лукашэнка таксама назваў неабходнасць павышэння заработнай платы і працоўную занятасць.

«Для нас вельмі важна занятасць менавіта на новых прадпрыемствах, вось такіх прадпрыемствах. Але я не супраць, калі будуць стварацца маленькія прадпрыемствы: 3, 5, 10, 15, 40, 50 чалавек - няважна. І на такіх прадпрыемствах павінны людзі працаваць, - упэўнены беларускі лідар. - Потым я абсалютна не супраць, калі на старых прадпрыемствах будуць стварацца вытворчасці і там будуць задзейнічаны людзі. Галоўнае, каб гэта была нармальная работа».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру