На мінулых выхадных у кінатэатры «Масква» адбылася прэм’ера мультфільма «Таямніца Келза», перакладзенага на беларускую мову пры падтрымцы «Атлант Тэлеком» і velcom. Мультфільм тройчы сабраў аншлаг: у агульнай колькасці прагляды наведалі каля 2 тысяч мінчан.

З улікам шматлікіх запытаў гледачоў партнёры праекта вырашылі яшчэ раз паказаць мультфільм на вялікім экране.У тых, хто не паспеў купіць квіткі на першыя паказы, з’явіўся шанс паглядзець яго ў блтжэйшую нядзелю — 26 сакавіка, у 17:50 у кінатэатры «Масква».

Паказы сусветнага кіно на беларускай мове праходзяць у рамках праекта «Беларускія ўікенды». Фільмы агучваюцца на беларускую мову з удзелам вядомых беларускіх акцёраў: Паўла Харланчука, Ганны Гітрык, Святланы Цімохінай, Алеся Маўчанава і іншых.

«Ідэю перакладаць фільмы на родную мову і прафесійна агучваць іх у студыі падтрымаў мой сябар, акцёр і рэжысёр Павел Харланчук. Менавіта з гэтага і пачаліся «Беларускія ўікэнды». Зараз, калі ў нашай ініцыятывы з’явіліся афіцыйныя партнёры ў асобе «Атлант Тэлекома» і velcom, у нас будзе магчымасць паказваць яшчэ больш добрых фільмаў на беларускай мове», — расказвае кіраўнік праекта Андрэй Кім.

Ва ўсім свеце «Таямніцу Келза» паглядзелі мільёны гледачоў, крытыкі адзначылі яго цэлым арсеналам ганаровых узнагарод, у тым ліку намінацыяй за «лепшы анімацыйны фільм» прэміі «Оскар». У беларускай агучцы гэты мультфільм перамог у яшчэ адной адмысловай намінацыі ад гледачоў — «За таленавіты ўнёсак у прасоўванні роднай мовы». Менавіта так яны і пісалі ў сваіх каментарах на форумах пасля паказу з просьбамі паўтарыць мультфільм.

«Такія водгукі для нас асабліва каштоўныя. І іх сапраўды было вельмі шмат, — дзеліцца сваімі ўражаннямі начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Мы рады, што паказ мультфільма прайшоў з такім поспехам, і вядома, не можам адмовіць гледачам у просьбе арганізаваць дадатковы паказ. Мы адназначна будзем і далей развіваць праект «Беларускія ўікэнды», каб яшчэ больш беларусаў даведаліся пра яго».

Дадатковы сеанс мультфільма «Таямніца Келза» на беларускай мове адбудзецца 26 сакавіка ў кінатэатры «Масква» па адрасе: праспект Пераможцаў, 13. Падрабязнасці на сайце kinakong.by, квіткі ў касах кінатэатра і на bycard.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0